РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падвойны агент
Адбіваючы крокі ў няроўнай хадзе
ды гарлаючы песьню сумнеўнага зьместу,
на зімовым вятрыску нястомна брыдзе
шараговы насельнік вялікага места.
 
Нібы ў вушка іголкі – пітушчы вярблюд,
зь пятай спробы прайшоў цераз вузкую брамку
і, сустрэчнаму д’яблу аддаўшы салют,
пакульгаў пакрысе ў невядомым напрамку.
 
Ён ня проста паэт, якім грэбуе мент,
алавяны жаўнерык нацдэмаўскіх гульняў –
ён дзяржаўны злачынца, падвойны агент,
што гісторыю здрадаў сабой падагульніў.
 
Ён француз, які змушаны піць самагон,
італiец, што есьць макарону бяз спэцый;
сэрцам прагне туды, дзе стаіць Пэнтагон,
але печанi й ныркі прадаў “дзяржбясьпецы”.
 
Так жыве, задаволены сьветам, сабой
і закускай – пуд солі і ліха паўфунта, –
ды знаёмы здаўна непразрысты напой
можа стацца прычынай рашучага бунту.
 
І тады ён амаль забывае пра ўсё:
што на вуліцах места халодна і сьлізка,
што народ не чытае Лі Бо і Басё
й перамога над ворагам покуль няблізка.
 
Бо за цемрай раней ці пазьней паўстае
непазьбежная раніца, велічны золак!
Толькі б стала напояў у крамах яе
і пітушчым вярблюдам хапіла іголак!
 
Хай спазнаюць свабоду на ўласным гарбе!
Ну а ён не вярблюд, хоць напэўна пітушчы:
ён цяпер партызан, што жыве ў барацьбе,
шараговы жыхар Белавескае пушчы!
 
У нябачнай вайне не шкадуе сябе;
у варожай прасторы згубіўшы кірунак,
па сумётах хаваецца ад КДБ
і замерз, як апошні сібірскі ЦРУльнік!..
 
Вось спыніўся – і лёг пад драўляным, старым,
не згаданым у нашай гісторыі плотам,
бы ў кульгавы радок – раптам знойдзены рым,
бы разгорнуты том дагары пераплётам…
 
Прагу шчасьця спатоліўшы ў танным віне,
сьпіць закладнік шырокай славянскай натуры.
Ні рукой, ні нагой не варушыць у сьне –
нерухомая ўласнасьць айчыннай культуры!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.