РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна дыктуе мне радок

#1
* * *

Ужо сплывае сьнегу намець,
вясна аблашчвае праспэкт,
пакутліва гартае памяць
адшапацелых дзён канспэкт.
 
На дзень вясновы бласлаўляю
вясёлых птушак галасы,
зь цяплом у сэрцы аднаўляю
былых каханых адрасы.
 
Я ні на кога не ўскладаю
віны за смутак горкіх страт,
іду зь зімы насустрач маю,
дзе кожны клён мне – родны брат.
 
Дзе непаўторнае адценьне
кідае месяц веснавы,
на дрэў зялёнае адзеньне,
на шолах першае травы.
 
Я зноў гатова разьвітацца,
а потым памяць аднавіць,
яшчэ мне ёсьць куды вяртацца,
яшчэ мне ёсьць каго любіць.
 
Зь зімы выходжу маладая,
праспэкт іскрыцца, як клішэ,
мой новы дзень – вясна вітае,
а сэрца – памяць беражэ.

 

#2

Бялынічы. 1977
Я ад’еду, напэўна, ад’еду,
разьвітаюся з гэтай ракой,
дзе ільды па нябачнаму сьледу
адплываюць на вечны спакой.
Адплываюць у далеч прадвесьня,
як аблокі ў чаромхавы сад,
нават сэрца трывожная песьня
ix ужо не паверне назад.
 
Мне таксама зьбірацца ў дарогу,
чую рэек стальных парагуд,
вось таму не хаваю трывогу,
вось таму затрымалася тут!
Адшумяць сакавіцкія ветры,
схлыне талых сьнягоў каламуць,
я, што рыба твая на паветры,
мая сіняя, сіняя Друць.

 

#3
* * *

Вясны ўтрапёнае дыханьне
пачула на лясной мяжы,
зрывае золкае сьвітаньне
з галін змакрэлых капяжы.
 
Эх, засьпяваць бы, ды няможна,
шчымлівы надта хвойны пах.
Іду сьцяжынай асьцярожна
з маўклівай песьняй на губах.
 
Дубы вялікасна пасталі,
нібы заморскія купцы,
а на сырой шчацэ праталін
траншэй i бруствераў рубцы.
 
Зь якога дня, зь якое явы
выходжу – справа тут ня ў тым!
Бяроста, нібы чуб русявы,
туман разрэджаны, як дым.
 
Ля пнёў замшэлых густа трэскі,
як гільзы чорныя, ляжаць,
а побач першыя пралескі
сьлязою матчынай гараць.
 
Застукаў блізка гулка дзяцел,
а мне пачуўся посьвіст куль,
у сорак трэцім родны дзядзька
мой не прыйшоў дамоў адсюль.

 

#4

На бацькаўшчыне
Я на старым веласіпедзе
знаёмай вуліцай імчу,
і мне глядзяць усьлед суседзі
з адкрытай радасьцю ўваччу.
Глядзіць і мудра, і зычліва
душа вясковай грамады,
вось нехта выгукнуў: «Шчасьліва!»,
ды так – нібыта на гады!
А што гады? Яны, як рэчка, –
за хваляй хваля, дзень за днём...
У нейкі зь іх пайшла я ўпрочкі
адсюль, як Саўка за агнём.
А Саўка вунь стаіць ля хаты,
а я сягоньня ў вёсцы госьць,
і нечы з-пад варот калматы
шчанюк на мне спагоніць злосьць.
Зальецца ўсьлед адчайным брэхам,
пядалі лёгкія кручу,
нібыта за сваім жа рэхам
вясковай вуліцай імчу.
Вітае позірк навакольле, –
гады далёкія мае, –
i за сьпіною звонка гольле
вясну яшчэ адну пяе.

 

#5

Сакавіцкі верш
Ты дарэмна, дзядзька Прошка,
кажаш: «Любата!»
Неўзьлюбіла ваша кошка
нашага ката.
 
Днямі стогне, бедалага,
хоць бы не сшалеў!
На загнетку ў хаце блага,
не ратуе хлеў.
 
Сакавіцкі вецер сьвішча,
слухай ды тужы.
На суседняе гарышча
ходзіць кот чужы.
 
Не журыся, кот Максімыч,
прыхавай сьлязу,
я табе аж з-пад Бялыніч
кошку прывязу.
 
Вось тады ты, дзядзька Прошка,
скажаш: «Любата!»
Ой, паплача ваша кошка
без майго ката!

 

#6
* * *

Вы маю неспакойнасьць уважце.
Людзі добрыя, гэта ж – вясна!
Маладое, трывожнае шчасьце,
недапітая радасьць да дна.
 
Вашы мілыя твары – ня маскі!
У вачах я вясну пазнаю...
Людзі добрыя, нельга бяз ласкі,
дык уважце пяшчоту маю!
 
Я стаптала сьцяжынак нямала,
пакідала гаркоту ў сьлядах,
я адчайна чаромху ламала
ў салаўіных зялёных садах.
 
Хоць бы раз закрычала са злосьці,
зубы сьціснуўшы, долю кляла:
я чакала каханага ў госьці,
зь некаханым у лета ішла.
 
Памірала – жыцьцё ратавала,
млела поўня ад шчасьця ў акне,
я сябе толькі ў снах шкадавала
i бяздумна ішла па вясьне.
 
Размывае ізноў каляіны,
не шкадуючы сілы, яна,
i высьвіствае сад салаўіны
недапітую радасьць да дна.

 

#7
* * *

Вясна дыктуе мне радок,
на досьвітку туманным будзіць,
надзей запозьнены гудок
чамусьці ўсё яшчэ ня трубіць.
 
Я надта многа не прашу!
Цяпер ужо ня так i проста
прыняць бяз роздуму ў душу
патрэбы сталага узросту.
 
Хай чым захоча сьвеціць даль,
іду, наўздзіў, павольным крокам,
удумліва ўбіраю жаль
прывучаным да жалю зрокам.
 
Люблю вясновы ціхі дзень,
туман замглёнага сьвітаньня,
з палёгкаю гляджу на цень
свайго апошняга каханьня.
 
Пачуцьці даўнія маўчаць,
а дойдзе ноч да небакраю,
як страшна хочацца крычаць:
i спадзяюся, i – кахаю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.