РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я з душы сваёй вырвала слова
і яго акрыліць не змагла!
За абдымак куплю ў птушкалова
маладога пад восень шчыгла.
 
Каб сшалелы, не проста з настрою,
а з высокае гэтай цаны
засьпяваў ён што-небудзь такое...
рызыкоўнае... наўзманы.
 
Падхаплю перасохлым дыханьнем,
што ж ад змоўклага лета чакаць?!
Ці ня лепш мне з вучнёўскім стараньнем
ссалавелай душы падпяваць?!
 
Ветры моцныя ў шыбы ляскочуць
затуманеных з раньня акон,
дзесьці бабы дарэмна сакочуць,
што бясслаўна лячу пад адхон.
 
Дзякуй Богу за нораў нязломны,
непрывыклы таіцца наўзбоч,
аддаю супакой нескаромны
за адну разгавелую ноч.
 
За адно акрылёнае слова...
і на добрую славу шчыглу
абдыму яшчэ раз птушкалова,
а іначай і жыць не магу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.