У лясы, у гаі павядзе верасьнёвых начэй калыханка, на зялёнай азёрнай вадзе ліст каліны, нібы выразанка. Не стаміцца б дачасна ў хадзе, аджалкуе жалобаю восень, адплыве па глыбокай вадзе, што хацелася, што не збылося. Хай жа кветкі ў палях адцьвілі, хай круты пад нагамі пагорак, – многа спраў у мяне на зямлі, многа ў небе нягаснучых зорак, Верасьнёваму дню ружавець, i дажджам лютаваць – справядліва, трэба ўволю паплакаць умець, каб умець пасьміхацца шчасьліва.
|
|