РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ружанец

#*
Ойча наш, што ў нябёсах,
Хай сьвяціцца Імя Твае
І ў зорах, і ў лёсах.
Хай прыйдзе Валадарства Твае,
Як спатоля,
Хай Твая ўсёўладарная
Збудзецца воля
Як на небе,
Гэтак і на зямлі.
Хлеб наш надзённы пашлі,
Жыцьцядар, сёньня нам.
І даруй нам нашы даўгі,
Як даруем і мы даўжнікам.
Адгарадзі ад нас
Спакусьлівыя лугі.
І ў смутны час,
І ў цёмныя дні
Нас ад нячысьціка аслані.
Ня зрушыцца Валадарства Твае.
І рушаць рухава
Ад Твайго цьвярдога парога
І сіла, і слава
Твае мілаты і лагоды,
Айца, і Сына, і Духа Сьвятога
Цяпер і заўсёды.
І на вячніны вячнін. Амін.

 

#*
Багародзіца, Вечнадзева Марыя,
Мы ўсе перад Табою малыя.
Дабраслаўленая між усіх маладзіц,
Не пярэч, каб
Перад ценем ценю Твайго
Мы ўпалі ніц.
Дабраслаўлены плод Твайго ўлоньня.
Над ім мы ўзводзім
Шатрамі свае далоні.
Ты, ўсяго жывога краса і пакраса,
У імя Вечнаіснага Бога
Нарадзіла душ нашых Спаса.
Пад міласьць Тваю прыбягаем.
Зьлітуйся над нашым краем –
Хай пасьвяцца душы нашыя
На нябесных пашах.
Багародзіца Дзева,
Не адкінь у цярпеньнях
Малітваў нашых.
Дабраслаўленая, адзіна чыстая,
Уратуй ад бедаў,
Дай моцы нам выстаяць.
Каб агонь жыцьця нашага
Не пагас,
Багародзіца Прасьвятая,
Душою нашчая,
Уратуй нас.

 

#*
Веру ў адзінага Бога Айца,
Усёўладара, Шчодрадаўцу дабра,
Тварца ненасытнай зямлі
І неба спадчыннага,
І ўсяго бачнага й нябачнага.
Веру несупынна
Ў адзінага Бога Ісуса Хрыста,
Адзінароднага Божага Сына,
У кожны кіў Ягонага кста.
Сын Божы народжаны над усімі намі,
Над усімі вякамі:
Сьвятло ад Сьвятла,
Праўдзівы Бог ад праўдзівага Бога,
Каб цёмную сілу зла
Сіла богапаслужлівасьці перамагла.
Безь Яго не было б нічога.
Ён, каб вызваліць нас з грахоў,
З чыстага неба
На дол затаптаны сышоў.
І сьмела прыняў тленнае цела
Ад Духа Сьвятога і Дзевы Марыі
І чалавекам стаўся,
Каб пераняць пакуты людскія.
Гэта за нас пры Понціі Пілаце
Аддаўся ў рукі зямное ўладзе.
І быў укрыжаваны,
І канаў, і быў пахаваны.
І на трэці дзень уваскрос
У згодзе зь Пісаньнем.
І ўзышоў на неба Хрыстос
Нябачным зьзяньнем.
І сядзіць праваруч ад Айца.
І прыйдзе зноў у славе нязьмерклай
Судзіць жывых і зьмерлых,
І Валадарству Ягонаму ня будзе канца.
Веру ў Духа Сьвятога,
Што сыходзіць ад самога Бога,
Каму нароўні з Айцом і Сынам
Пакланяемся, ня лічачы рокаў.
І славім належным чынам,
І які вяшчаў праз прарокаў.
Веру, а значыць жыву,
У Кефальную й Апостальскую Царкву.
Веру, і тым жыву,
Веру, і тым існую,
У Богам дадзеную,
А значыць сьвятую
Беларусь праўкрасную самую.
Перад ёю,
Як перад Мамаю,
Хілю галаву,
Верны паклону
Да скону.
Спавядаю адзіна кшчэньне
Як ад грахоў збаўленьне.
Ані на кога не ў крыўдзе,
Чакаю, як лепшых часін,
Уваскрошаньня зьмерлых
І жыцьця тога веку,
Што прыйдзе. Амін.

 

#*
Госпадзе, не забудзься ўраньні,
Узгадай увечары,
Памяні словамі туманоў
Сьмяротна заснулых у спадзяваньні
Уваскрошаньня да жыцьця вечнага
Нашых братоў і бацькоў,
I ўсіх, якія волю Айчыны
Мечамі праведнымі прывячалі,
Якія і ў злыя часіны
Заставаліся крывічамі,
За кім зачыніліся зямныя дзьверы,
Якія жыцьцё сваё скончылі
Ў пабожнасьці й веры.
Даруй ім волю й няволю віны,
Якой правініліся перад Табою яны
Словам, думкаю, справаю,
Абвянчаныя з ганьбай і з славаю,
Бо яны былі толькі людзьмі.
Валадару, іх да сябе прымі.
Дай ім і нам Тваю Гасподу
І ўдзел у добрых дзеях Тваіх,
І жыцьця Твайго бясконцага
І невыказнага насалоду,
Бо Ты ёсьць шчасьце й жыцьцё,
Ўваскрошаньне ды спакой
Тваіх зьмерлых слугаў.
Ты, Хрысьце Божа наш,
Слых самы бяссонны той,
Які ўсё пачуў, паслухаў.
І мы, адганяючы сквапную скруху,
Славу ўзносім Табе,
І Айцу Твайму несканчатнаму,
І жыцьцядатнаму Сьвятому Духу
З нагоды дагоды цяпер і заўсёды
І на вечных вякоў зачын. Амін.

 

#*
Усёчуйны, пачуй
Кайны наш лямант і плач.
Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць,
Чалавекалюбча, прабач.
Тых, хто шчодрыць дабро,
Узьвяліч дары.
Братам і крэўнікам нашым
Правіны даруй
І вечнае жыцьцё падары.
Наведай нямоглых у чорныя дні.
Ацалі іх і моцу вярні.
Тых, хто ў моры,
Не пакінь у горы.
З тымі, хто ў падарожжах,
Будзь і ў клопатах Божых.
Тым, хто слугуе роднаму краю,
Хто нашую мову мілуе,
Пакажы сьцяжынку да раю,
Даруй і праграшынку малую.
Тых, хто просіць нас
Памаліцца шчыра за іх,
Памілуй, бо маеш
Вялікую літасьць да ўсіх.
Памяні, Госпадзе,
Нашых бацькоў ды братоў,
Што адышлі ў Твой край,
Ад сьвятла аблічча Твайго спагатоў
Спакой ім, спачылым, дай.
Памяні, Госпадзе, нашых братоў,
Што й сёньня
Ва ўчарашняга дня ў палоне.
Вызвалі ад кайданоў
І душы іхныя, і далоні,
Каб мелі галаву на плячах,
А ня несьлі, як горб, за плячамі.
Каб зоры займаліся ў сьмелых вачах,
Каб пачуваліся вольнымі крывічамі.
Памяні, Госпадзе,
Ўсіх дабраплодных і дабрачынных
У Тваіх сьвятынях адчыненых.
Выслухай просьбы іхныя аб збаўленьні,
Імем Тваім асьвечаныя,
І дай ім жыцьцё вечнае.
Памяні, Госпадзе, нас,
Рабоў Тваіх грэшных, рахманых,
Тут, на задуманай Табою зямлі,
І сьвятлом Свае мудрасьці прасьвятлі
Розум наш, што ўвечарэў у заганах.
І скіруй на сьцежкі сьвятарныя
Запаветаў Тваіх
Малітвамі Прачыстае Багародзіцы –
Нашае Валадарыні
І Прыснадзевы Марыі і Ўсіх Сьвятых.
Будзем ісьці да Цябе
І ў радасьці і ў журбе,
Зь песьнямі і з плачом,
Покуль будзе сябе называць
Крывічом
Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.

 

#*
Устаўшы з пасьцелі, як з дамавіны,
Дзякую Табе, Госпадзе Трыадзіны,
Што Ты, Даўца дабрыні й церплівосьці,
На мяне, лянотнага й грэшнага,
Не ўтаіў ні гневу, ні злосьці
І за мае беззаконствы
Мяне не прывёў да згубнасьці,
А падняў па Сваёй людалюбнасьці
Мяне, што ў бeспамяці спачываў,
Каб я малітваю ранішняй
Уладзе Тваёй слаў славу слаў.
Прасьвятлі вочы духу майго ў чысьціні,
Вусны мае адчыні
Кожнаму Богаўслаўнаму гуку.
Дай пазнаць мне Тваю навуку,
Дай славіць у песьнях
Тваё ўсесьвятое Імя, ды ня глуха,
Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
Пакуль цякуць бяссонныя воды,
Пакуль ідуць дажджы з аблачын,
Цяпер і заўсёды,
І на вечны няспын. Амін.

 

#*
Сьвяты Анёле,
Заступніку Боскае волі,
Ахоўца мае зямное няволі,
І ў цішы, і ў гамане
Не адыходзь ад мяне,
Адвядзі ад душы мае стому,
Ня дай духу злому
Сьмяротным целам маім
Завалодаць самохаць,
Ня дай мой клёк запалохаць.
Дай моцы сіле маёй,
Зьняможанай а слабой,
Боль незаслужаны патушы,
Застацца самім сабой
Дазволь мне, ахоўца мае душы.
На шлях збаўленьня мяне скіруй,
Калі дзе паддаўся мане, даруй.
Як чым зграшыў мінулай начы,
Гэтага дня заступіся,
Дапамажы спакусу перамагчы.
Каб груган зайздросьлівасьці
Ў душы мае гняздо не савіў.
Каб Госпада я не ўгнявіў.
Каб верны быў я
Крывіцкай сьвятой старане,
Мове матчынай –
Як найраднейшай балючай радні.
Анёле, маліся да Госпада,
Каб зрабіў мяне
Слугою Свае дабрыні.
Каб палымнеў, а не палынеў
Твой напамін. Амін.

 
1996
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.