РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьледам Эклезіяста

#* * *
Усё – пачатак тла, і лоўля дзьмушак,
I млоснасьць духу – ўсё лухта лухты.
Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,
І мы – як з дрэва існасьці лісты.
 
Ёсьць марны дол – карэе ў ім карэньне,
Ёсьць неба мары – ў ім шумяць вярхі.
І кожны долю сам сваю сустрэне,
I знойдуць самі кожнага грахі.
 
Мукa пакут прасеецца празь сітца
Ад халадоў зьнямоглай глухаты.
І ў вырай будзе зноў душа прасіцца.
Усё – лухта лухты. І ўсё з лухты.

 

#* * *
Узыходзіць сонца, каб зайсьці,
І заходзіць узысьці нанова.
Што было, паўторыцца ў жыцьці,
Бо жыцьцё – няспыннасьці аснова.
 
І нікуды сонцу не ўцячы,
Не даверыць клопат свой нікому.
Прыцемкі – паслугачы начы –
Гоняць стому з пасьвішчаў дадому.
 
Крэсівам сьвятла па крамяні
Веры б’е ад цемры абаронца.
Мільгацяць у колах прамяні.
Узыходзіць і заходзіць сонца.

 

#* * *
Вецер да поўдня ідзе
І пераходзіць да поўначы,
Студзячы ўсьмешку вадзе,
Грудзі абсягавы поўнячы.
 
Хмары, як ветразі, пне,
Голас вяртаючы пошчаку.
У незабітай труне
Вусны казыча нябожчыку.
 
Б’ецца над поплавам сноў
Белаю весткаю чаіца.
І на кругі свае зноў
Вецер з пакорай вяртаецца.

 

#* * *
Пра былое памяці няма,
Як і пра наступнае ня будзе.
Сьнегам замяце свой сьлед зіма,
Голас свой вясна схавае ў гудзе.
 
Клёк свой ашчаджае нездарма
Памяць, не падлеглая аблудзе.
Памяць кажа пра сябе сама,
Покуль не заблытаецца ў хлудзе.
 
Забыцьцё пасунецца саўма
Па сусьветнай перамерзлай грудзе.
Кожны век, пазбыўшыся ярма,
Пра намеры добрыя забудзе.

 

#* * *
Бачаньнем не насыціцца вока,
Слуханьнем не напоўніцца вуха.
Весялосьць спее белааблока,
Чарнахмара зьбіраецца скруха.
 
Вока ценіцца цемрай зайздроснай,
Вуха глушыцца чуткай і плёткай.
Сонца ў радасьці маткаю хроснай,
Цемра ў смутка багатаю цёткай.
 
Бачыць хочацца за даляглядам,
Чуць жадаецца за цішынёю.
Гэта вочы чые з зорападам
Зь неба сыплюцца сіняй маною?

 

#* * *
Болей мудрасьці – болей смутку,
Памнажаюць веды тугу.
Круціць час туману самакрутку,
Завітаўшы на луг на бягу.
 
Луг пазнаньня, багацьцем дужы,
Багавейна цьвіў і цьвіце.
Матылькамі шчырыя душы
Ловіць сэнс на глухой вярсьце.
 
Смак адчуць прыправы гаркавай
Кожны хоча, дзе толькі льга.
На зацятым лузе атавай
Узыходзіць мудра туга.

 

#* * *
Адпускай свой хлеб па ўдзячных водах,
Каб яго знайшлі па сплыве дзён.
Памятай бяды галодны подых.
Цешся, покуль жорны круціць млён.
 
Млён ня любіць гнуцца, бо трывалы.
Сківіцы цяжкія ў камянёў.
Між таком і полем інтэрвалы,
Як правалы ў памяці агнёў.
 
Сьніцца рунь праросламу зярнятку.
На таку свой лоб ня кволіць цэп.
Сноп засватаў ніву. І спачатку
Пачынае шлях нязводны хлеб.

 

#* * *
Хто вецер назірае,
Таму ня йсьці зь сяўнёю.
Ягонай даланёю
Не тхне ральля сырая.
 
Ён думкай засявае
Магчымую прастору,
Дзе правяла разору
Прапаўшчына сівая.
 
Ён чуе звон вясёлы
Высокага калосься.
І толькі адгалосьсе
Зрэдчас кранае долы.

 

#* * *
Таму ня жаць, хто сочыць за аблокамі.
Таго ня ведаюць аблокі самі,
Ці ападуць дажджыстымі абломкамі,
Ці праплывуць рагатымі ласямі.
 
Бо летуценьнік прывіднымі мерамі
Свой ураджай нязжаты вымярае.
Так і нябёсы важаць дзень асьверамі,
А важыва яму да небакраю.
 
І жаўранак жаданьня над аблогамі
Дрыжыць, як на галінцы ліст зялёны.
Ды жнец упарта сочыць за аблокамі,
Бо безь яго ўраджай сажнуць ягоны.

 

#* * *
Род праходзіць, і прыходзіць род,
А зямля трываліцца навекі.
Чуе на рацэ жыцьця чарот,
Як кладзецца сьнег журбы на вейкі.
 
У зямлі на цьвёрдай далані
Рэчышчы – працягам ліній лёсу.
Як гаркотай дол ні палыні,
Па глыбінях сьмягнуць вусны плёсу.
 
Каб пайсьці ў зямлю, прыйшлі зь зямлі
Ды пачулі зябкі голас зорак.
Золак не праспаць зарок далі,
Хай падушкай мулкаю – пагорак.

 

#* * *
Вокам спакойным пасі прыгажосьць,
Доўга мірыся з абразаю.
Шчыра прымай весялосьць, ягамосьць, –
Срэбра за ўсе адказвае.
 
Срэбра пазычыла сьвету зямля,
Каб белацелае звычліва,
Браўшы пачатак свой ад мазаля,
Гнула, змушала, ўзьвялічвала.
 
Срэбра пільнуе і сон твой, і скон,
І недакончанай фразаю
Глушыць, і скрушыць, і радуе звон –
Срэбра за ўсё адказвае.

 

#* * *
Усё адбылося з праху,
І вернецца ў прах усё.
Усё падуладнае страху –
І меч, і серп, і касьсё.
 
Нязьменнае толькі тое,
Што Бог для Сябе стварыў.
І суджана сухастою
Карэньнямі чуць абрыў.
 
Сваю не абыдзеш плаху,
Як вечна б ты жыць ні праг.
Усё адбылося з праху.
Дык значыць – нятленны прах.

 

#* * *
Усе цякуць у мора рэкі,
А мора не перапаўняецца.
Стараюцца грахі й агрэхі,
А ўпартасьць не перапыняецца.
 
Цякуць, каб паўтарыць маленства
І зноў памкнуцца ў сьвет рачулкамі,
З шаленства ўпасьці ў паслушэнства,
Зьмірыцца з рэчышчамі мулкімі.
 
I помняць рэкі пра вытокі,
Цякуць сабе адной сябрынаю.
Ды не стрымаюць гнеў высокі
І навальніцамі абрынуцца.

 

#* * *
«Вось гэта новае!» – пачуеш крык
Дапытніка ў даверлівым настроі.
А новаму згубіўся нават лік,
Яно – даўно забытае старое.
 
Сурочанае вокам забыцьцё
Трымае сьвет сваёй уладай цьмянай.
І ўсё забытае, як адкрыцьцё,
Вяртаецца авечкаю рахманай.
 
Бягуць вятры зь вятрамі на разьмін,
І цешыць цішу гамана зямная.
І чалавек – забыты напамін,
Які жыцьцю пра сьмерць напамінае.

 

#* * *
Каменю ніколі не разьбіцца.
Вечныя адны думa й турма.
І крывому роўным не зрабіцца,
І лічыць дарма, чаго няма.
 
Крывадушнасьць да пары трывае.
І раўніну выгарбіць курган.
Страціць хітрасьць ісьціна крывая.
І крумкач накрумкае ўраган.
 
На няма няма й суда людскога.
Памяць тое, што было, пасе.
Гэта ў ёсьць зь няма вядзе дарога,
Па якой зьнікаем, зрэшты, ўсе.

 

#* * *
На вуліцу замкнуцца дзьверы,
Бяссонныя заціхнуць жорны,
І сьпевамі замоўкнуць дшчэры,
Асядзе пыл, ачахне, зорны.
 
І чалавек прывыкне рана
Ўставаць ад пеўневага крыку,
І будзе поле неўзарана
Вясною ўспамінаць матыку.
 
Дух угняце, прыгорбіць плечы
Жуда – дагодлівая кляча.
І толькі голас чалавечы,
Пачуўшы пеўнеў крык, заплача.

 

#* * *
Папярхнецца грымотамі сьпёка,
Аблачына заплача суха.
Не насыціцца бачаньнем вока,
Не напоўніцца слуханьнем вуха.
 
Цэлы век палюеш, рыбачыш,
Толькі лядам робіцца пушча.
У рацэ спадзяваньняў бачыш,
Як акручвае вір хітрушча.
 
Лепшы лёс сам сабе вяшчуеш,
Глухнеш у нерасчутым гудзе,
Слухаеш сябе – і чуеш
Толькі водгук таго, што будзе.

 

#* * *
Сьмерць бярэ мудраца й недарэку,
І нікога не вылучае,
І нікому чужога веку,
Як ліхвярка, не пазычае.
 
Не адрозьніць зямля таксама,
Бедны розумам ці багаты.
Пазяхае спрасоньня яма –
І хапае вечнае хаты.
 
Ды ў магілу ня хочацца крозам –
Не па іх прасьцяк-недашкрэба.
І наноў выбірае розум,
З кім яму пакутаваць трэба.

 

#* * *
І стане нястрашны страх,
І пашы прыбудзе статку,
І прахам зробіцца прах,
Бо прахам ён быў спачатку.
 
Абух разаб’ецца ў пух,
Валун зарунее мохам.
Ня будзе самотнець дух,
Часова дадзены Богам.
 
Прысьняцца зярняты кулю,
І перадыхне зьнямога.
І вернецца прах у зямлю,
І вернецца дух да Бога.

 

#* * *
У радасьці ненажэрца,
Юнак, покуль шал ня сьціх,
Хадзі па шляхах свайго сэрца,
Па бачаньні воч сваіх.
 
Вадзіцьме цябе адвага
Ў грахі да чужой ляхі,
І ўрэшце пакажа развага
На праведныя шляхі.
 
Адчуеш на раздарожжы,
Бо будзеш яшчэ пулят,
І старасьці зірк варожы,
І сталасьці ціхі пагляд.

 

#* * *
Жанчына на тое й сьніцца,
Каб разгаўляліся сны.
І сэрца яе – пляніца,
І рукі яе – кайданы.
 
Ня хоча трапляць сініца
З-за дробнага зерня ў пятлю.
Прынадай вабіць пляніца,
Зь нябёсаў бярэ на зямлю.
 
Жанчына – мярэжа густая,
Што ведае водмелі й дны.
Каб іх жадаць перасталі,
Не куліся б кайданы.

 

#* * *
Людзей да тлуму ў гэтым жыцьці.
Спалі хоць усю лучыну –
Мужчыну з тысячы можна знайсьці,
Але не знайсьці жанчыну.
 
Разьвееш хмары, прагоніш змрок,
Саб’еш на дарогу сьцяжыну,
Прысьлепіш зрок і прытоміш крок,
Шукаючы тую жанчыну,
 
Якой душу даверыць бы мог,
Якой бы паверыў да скону.
Касе і той прыесца мурог,
Палын нагоніць аскому.

 

#* * *
Бог ня скажа пра свой намер,
Чалавек свае думкі тоіць.
Што было, тое ёсьць і цяпер,
І што будзе, было ўсё тое.
 
І вада лёд перажыве,
Неба – хмару, будзённасьць – мару.
Закарціць у рыжай траве,
Як каню, пакачацца пажару.
 
Даланю навярэдзіць касьсё.
І лаўца дагоніць здабыча.
І наноў паўторыцца ўсё.
І мінулае Бог пакліча.

 

#* * *
Не прасі заставацца ўдачу,
Не малі затрымацца хвалю.
Сэрца мудрых – у доме плачу,
Неразумных – у доме балю.
 
Чалавек нараджаецца з плачу,
Хісткі дол з плачом пакідае.
Цешыцца маладосьць: я трачу!
Старасьць цішыцца: я – скупая...
 
Узьляціць малітва высока.
Абначуе спагада ў храме.
Боль зямны зьнікне ў помірг вока,
Плач нябесны ўпадзе дажджамі.

 

#* * *
Як Бог да цябе не асьлеп
І лёгка анёл твой лётае,
Еш свой зь весялосьцю хлеб,
Пі ў радасьці сэрца віно сваё.
 
Ды помні: ёсьць хлеб тугі,
I ты прышануй асабліва яго.
Ударыць віно ў берагі
Карца твайго пахаплівага.
 
Твая задрыжыць віна
На небе халоднай іскрынкаю.
І прагнуцьмеш кроплі віна,
Яшчэ дрыжучы над скарынкаю.

 

#* * *
Настрой зь весялосьцю жані,
Пакуль твая доўжыцца рата.
І помні пра цёмныя дні.
Іх будзе ў цябе багата.
 
Маршчынамі на ілбе
Накрэсьліцца памяць слабая.
І доля забудзе цябе –
І некага ўпадабае.
 
Счарнеюць колеры ўсе,
Насунецца ціша з узвышшаў.
Бо цемра раўніва пасе
Усіх, хто зь цемрадзі выйшаў.

 

#* * *
І пераважыць сілу зьнямога,
З пакутай шаля – з уцехай шалю.
У мнагамудрасьці смутку многа:
Чым болей ведаў – тым болей жалю.
 
Страх чуе ў цемрадзі кожны закутак,
І сьмеласьць – кожны зьвіў над прадоньнем.
І галаву падстаўляе смутак
Сонным улоньням, ціхім далоням.
 
Звон у званіцы ў вольным палоне,
І вецер здасца яму прарокам.
Ня ведаць заўтра, што будзе сёньня,
Каб не сурочыць свой лёс няўрокам.

 

#* * *
Напіцца небу з рукі даць.
Твае ня ведаюць дні,
Пара камяні раскідваць,
Пара зьбіраць камяні.
 
Правінамі маладымі
Усьцелюць шлях камяні.
Твой камень ніхто не падыме
Ні ў злосьці, ні ў дабрыні.
 
Магчыма, нябачны Дарадца
Падзеліцца зорнай журбой.
Адыходзячы, будзеш старацца
Сабраць камяні за сабой.

 
1992–1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.