РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьледам прыпавесьцяў Салямонавых

#* * *
Страх Гасподні – мудрасьці пачатак.
Вешчы страх ва ўсім жывым жыве,
Ад смалы хмялеючы па шатах,
Ад сьпякоты млеючы ў траве.
 
Як пастух, пільнуе, каб у шкоду
Думкі нашыя не забрылі,
Сеючы нябесную лагоду
На ўзаранай ім жа аральлі.
 
У малітве зводзячы далоні,
Свой спакой шукаючы ў вірах,
Зазірнуць дазволіўшы ў прадоньне,
І ў апошні шлях праводзіць страх.

 

#* * *
Сябе не шукай у хлуддзi,
На іншых ня звальвай віну ўсю.
Дарогаю добрых ідзі
І сьцежак праведнікаў пільнуйся.
 
Дарога добрых вядзе
Ў пакутнікі, ў пілігрымы,
Сьвятую ў бядзе, ў жудзе,
Яе не ўсцілаюць кілімы.
 
І сьцежкі праведнікаў здаўна
Ня збіты на жвір ступакамі.
Бо іх табе лёс даў на
Бяседу зь небам, зь вякамі.

 

#* * *
Прыемна гусьці ў канюшыне чмялю,
Касцу – зачынаць пракосы.
Прамудрасьцю Бог заснаваў зямлю
І розумам сьцьвердзіў нябёсы.
 
Прамудрасьць муруе, разьбярыць, жне.
За хмарамі розум блукае.
І перапёлкаю ў збажыне
Хаваецца вестка благая.
 
Да ісьціны голай хоча дайсьці
Сьлед нецярпеньня босы:
Зямля трымае нябёсы, а ці
Зямлю трымаюць нябёсы?

 

#* * *
Праб’ецца трава з-пад лаўжоў глухіх,
Ня згубіцца ў патароччы.
Ня будзь мудрацом у вачох сваіх –
Што скажуць чужыя вочы?
 
Яны глядзяць на цябе калючэй,
Куды б ні ўцякаў далёка.
Ды бачыць глыбей ад усіх вачэй
Адно Ўсёбачнае вока.
 
Ваду дапытнасьці пі зь вясла,
Пыліся ў людскім абозе.
І аддаляйся халодна ад зла,
І шчыра Госпада бойся!

 

#* * *
Хоць сплывае багацьця дым,
Як рука яго ні трымае,
Сну вачам не давай сваім
І вейкам сваім жа – драманьня.
 
Свой дачасна сьвет не імглі,
Не прысьпешвай свой сон сьцюдзёны.
Наляжышся яшчэ ў зямлі,
На зямлі дбай пра хлеб штодзённы.
 
Тамака жаль цябе не кране.
Не ўбрыкне золак белакапыты.
І наўрад ці ў сьцюдзёным сьне
Ты прысьнішся сабе, забыты.

 

#* * *
І была прамудрасьць пры Гаспадары
І тады ўжо, як Ён з сутоньня
Угрунтоўваў аблокі ўгары,
Мацаваў крыніцы прадоньня.
 
У прамудрасьці шмат было
Цеплыні, мілосьці, спагады.
І Гаспадар ня хмурыў чало,
І яшчэ не прачнуліся звады.
 
Сьвет сьвятлом пачынаўся з тла,
І хмялеў ён яснагалова.
І спачатку прамудрасьць была –
І яна прамовіла слова.

 

#* * *
Сэрца ведае гора свае душы,
І ў ягоную радасьць не ўмяшацца чужому.
Як гнеў ні тушы, як страх ні глушы, –
Адгукнецца, душэўны, нябеснаму грому.
 
Толькі сэрцу й даверыцца можа душа,
Разгавецца бядой, падзяліцца дакорам
Тым, што яблыкам выпаў з далоні каша
На зямлю, дзе начуе здарожаны сорам.
 
Радасьць туліць шчаку да рукі цішыні,
Ад самой дабрыні атрымаўшы заруку.
Сэрцу хочацца быць, як у крэўнай радні,
У душы на паслугах да апошняга груку.

 

#* * *
У вясну вадаспадам абрынуцца хоча раўчак.
Прагне рунь вымлець у непарушшы.
Чыстыя ўсе шляхі чалавека ў яго вачах,
Але Госпад узважвае душы.
 
А спакуса ня сьпіць, і грузьнее душа ад грахоў.
Зьнічкі мрояў падаюць зь перапуду.
І шукае душа ад падступнай будзённасьці схоў,
Верачы дабравокаму цуду.
 
На вагу заклапочаны Госпад душу пакладзе,
Ад людское зьнявагі цяжкую.
І які ёй вырак спадзе на Страшным Судзе,
Зь ім душа на зямлі давякуе.

 

#* * *
Страх ступае па сэрцы, як мядзьведзь па ламу.
Страшна абразе ўбачыць позірк пашаны.
Ліхадзей шукае толькі зла, і таму
Будзе жорсткі анёл да яго пасланы.
 
Будзе жорсткі анёл праводзіць яго да труны,
Каб не ашукаўся раптам анёл ласкавы.
Дрэва цярпеньня, абдзёртае да карыны,
Ліст апошні асыпле на балючыя травы.
 
Будзе жорсткі анёл перакідвацца груганом.
Загусьцее сьвятло, і цемрыва парадзее.
Бур’яном старым ды сырым палыном
Зарастуць халады, як сьляды ліхадзея.

 

#* * *
Сонцу кланяецца каравай.
Змрок не любіць самаадрачэньня.
Ісьціну купі й не прадавай
Розуму, прамудрасьці й вучэньня.
 
Ды ня кожны ісьціну купіць
Зможа, старгаваўшы ў дзень базарны,
З рэдкага купца вясёла кпіць
Будзе блазен, думкамі няхмарны.
 
Лес гадоў сплаўляюць асначы.
Быстрыня міргае вокам ласым.
Ісьціну купляючы, сачы,
Каб тавар не падмянілі часам.

 

#* * *
Ластаўка ласкаю гнёзды ўе.
Рэчка раіцца зь берагамі.
Хто шануе вусны свае,
Той душу сваю зьберагае.
 
У шырока разяўлены рот,
Як у комін вецер зімовы,
Улятае ўсялякі зброд,
Ад якога ўцякаюць словы.
 
Рызыка нырае на дно
Без развагі ды без ваганьня.
Вусны можна будзіць адно
На малітву і на каханьне.

 

#* * *
Не глядзі, як віно чырванее,
Лепш адчуй, як ты сам счырванеў ад віна.
Галаву тваю возьме пад паху завея,
Белы хмель будзе сьцежку шукаць давідна.
 
Чырванее віно за ўтуманены розум,
За расхрыстаны гнеў, за нахабісты крок.
Бо павінна віно заставацца цьвярозым,
Каб сьмялейшае права было на папрок.
 
Клёк ваюе задзірыста з хмелем зацятым,
Ды ніколі ня скончыцца гэта вайна.
Хмель прымаецца буднем, шануецца сьвятам.
І віно ад віны, і віна ад віна.

 

#* * *
Перавысіць ня пніся высі,
Прагна не перасыцься сытой.
Заўтрашнім днём не хваліся,
Бо ня ведаеш, што народзіць той.
 
Ён народзіць радасьць ці гора,
Твой магчымы, заўтрашні дзень.
Лыжку мёду давала ўчора,
Абяцала ж даць – берасьцень.
 
І кіруючы ў сон свой човен,
Сёньняшняму падзякуй дню,
Каб сустрэў ты самотніцу сховін –
Не апошнюю цішыню.

 

#* * *
Пажадай працы ворага – спору,
Хай пацешыць і злыдня плён.
Хто пакоціць камень угору,
Да таго ж і вернецца ён.
 
Ціха подласьць ідзе па новы
Спадкаемкаю дабрыні.
Зь неба валяцца на галовы
Злыдняў іхныя ж камяні.
 
Пры дзяльбе за ціхую долю
Папрасі пашумець траву.
Камень злосьці хай стыне доле.
Памятай пра сваю галаву!

 

#* * *
Ідзі ў нябыт як не сваёй хадой,
Ня спознішся пасьпець туды ніколі.
Зямля не насычаецца вадой,
Агонь ня кажа, хоць згары: даволі!
 
Галодная і плодная зямля,
Як каня, піць папросіць і ў залеву.
Не дацягнуцца да яе вальля
Нябёсамі запыленаму гневу.
 
Душа сваю ня выдасьць глыбіню.
Абліччу не ўтаіць ласкавых рысак.
Не надакучыць полымя агню.
І, што любіў агонь, прамоўчыць прысак.

 

#* * *
Хоць спадзе з абрысаў імгла,
Ды спасьцігнуць ніхто ня ўмее
І на небе дарогі арла,
На скале – высьцяжыны зьмея.
 
Вышынёю арол жыве,
Вывівастасьцю – зьмей пачатку.
І цікаўнасьць у рукаве,
Як вавёрку, трымае адгадку.
 
І даецца нам назусім
Таямніца вечара й раньня.
Можа, й ёсьць у гэтым усім
Сэнс нязмушанага бытаваньня.

 

#* * *
Каб сьлед твой не перапаўзьлі вужы
І здані твой сон не сурочылі,
Не перасоўвай даўняй мяжы
І не хадзі на межы сірочыя.
 
Мяжа туману. Сьвітаньня мяжа.
Мяжа дабра й трываласьці.
Ад быльняжынкі аж да глыжа
Апошняга прошласьць трымалася.
 
І зь незагойных бацькоўскіх магіл
Уздымецца ён, і ўшчынную
Акрые палі сірочыя пыл
Пакрыўджанаю аблачынаю.

 

#* * *
Да багацьця бяжыш, чалавеча,
І ня думаеш ты, нябога,
Што цябе даганяе галеча,
А яна не пакіне нічога.
 
І ў яе зайздросныя вочы,
І ў яе хапучыя рукі.
Ёй таксама ня сьпіцца ўночы,
І прайшла яна ўсе навукі,
 
Як дарыць лахманы на плечы,
Абдзіраць па-скупечы на ліпку.
Пачакай. Не ўцякай ад галечы –
Паскачы пад ейную скрыпку.

 

#* * *
Рака жыцьця не прывыкла паказваць броды.
Яна несупынная ў паваротах сваіх.
І помыслы ў сэрцы людскім – глыбокія воды,
Ды чалавек разумны вычарэпвае іх.
 
Чарэпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.
І зоры начуюць у цёмных водах на дне.
У водах адстойваецца марудных вякоў жаль,
І туманом таемным на дапытлівасьць тхне.
 
Руплівасьць ня слухаецца пакорнай дагоды.
І сонца спасьцігу ўзыходзіць з-пад вей.
Мялець ня думаюць небародныя воды.
Чарэпае чалавек глыбей.

 

#* * *
Лыжка драмаць не павінна ў дармовым супе.
Падабацца хадыку ня мусіць слата.
Разам зь зернем таўчы таўкачом у ступе
Дурня – не аддзеліцца ад яго лухта.
 
Бо дурных не аруць, ня сеюць – нараджаюцца самі,
Каб ня сумна на сьвеце было мудрацам.
Як ні задзіраюцца сані насамі –
Не зрабіцца ніколі коламі палазам.
 
А калі й лухта – гэта тая мякіна,
Што дамешваюць часам у праснакі?
Можа, ўсё ж памыляецца хітрая кпіна,
Дзівакоў залічваючы ў прасьцякі?

 

#* * *
Нічога не забываецца ў злапомлівым сьвеце.
Цэп на таку прысягае ўмалоту ілбом.
Хто разбурае свой дом, таму накануецца вецер.
І неразумны ў мудрага сэрца будзе рабом.
 
Спагадца старцоў і вандроўнікаў, вецер-бяздомнік
Не прызнае ні вокнаў глухіх, ні дзьвярэй.
Бяз дому свайго бяскрыла блукае паломнік,
А ў выраі смутку вядзе ўжо самота рэй.
 
І поўняцца збожжам розуму старанныя гумны,
І думка ня ходзіць пешкі – яна слыве.
Пазірае са страхам на мудраца неразумны.
У сэрцы вецер. Вецер у галаве.

 

#* * *
У шчасьці розныя, роўныя ўсе ў бядзе,
Хоць кожны жыве на сваёй планетцы.
Ня радуйся, калі вораг твой упадзе,
І сэрца не весялі, калі ён спатыкнецца.
 
Бо нехта лічыць ворагам і цябе,
І нейчая злосьць за табой цікуе таксама.
І нейчая зайздрасьць стажок твае долі скубе.
І не сьціскае пашчу бяссонная яма.
 
Век шчасьця зямнога кароткі, як летні сон,
Ды ён хоць аднойчы павінен сасьніцца.
Хто сябра, хто вораг – не разьбірае скон,
Усе перад ім аднолькава падаюць ніцма.

 

#* * *
Не мяняй свой куток на прастору чужую,
У прасторы чужой птушка гнёзды ня ўе.
Пі ваду са свайго вадазбору і тую,
Што цячэ дамавіта са студні твае.
 
І прагоніць вада і засмагу, і стому,
І ў чужыне па краі бацькоўскім тугу.
Кожны яблык сваю захавае аскому.
Як нікому, падзякуй таму ланцугу,
 
Што трымае цябе верадам невыводным,
Прывязаўшы да родных мясьцінаў душу.
І напоіць вада тваю рызыку й одум.
Перадасьць таямніцу спарыш спарышу.

 
1992–1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.