 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
#* * * Ня верце ні лёсткам, ні брэху, Шануйце душу ў праваце. І мёртвымі будзьце для грэху, Жывымі – для Бога, ў Хрысьце. Нячыстыя думкі і цела Рыхтуюць цямніцу душы. Зьняверцу распуста ўсыцела – І горне, і шэпча: грашы! Завершыць труна прастакута Крывыя дарогі жыцьця. Душа да пакуты прыкута, Заложніца веры – дзіця.
#* * * І сашчэпіць нячысьцік зеўры, І ўтравее сьцяжына зла. Дык адкіньма ўбок справы цемры, Апранемся ў зброю сьвятла. Справы цемры – цёмныя справы. Хто бярэцца за іх – таму Напаткаецца лёс каравы І маною ўцемніць думу. На сьвятле крамянее гольле, На сьвятло спадзяецца тло. Як начлежнік цяпельца ў полі, Сьвет хавае ў вачох сьвятло.
#* * * Азёры ніяк не разьвесьці вінамі – Слабое віно любое. Нікому нічога ня будзьце віннымі, Апроч узаемнай любові. Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю, Вы – госьці ў гэтым застольлі. І ваша жыцьцё, як лучына скіпкая, Ня ўгрэе нябеснай столі. Прыйшлі, каб пайсьці са сваёй таемнасьцю. Рухавы туман растане. Дык хоць саміх сябе ўзаемнасьцю Сагрэйце на разьвітаньне.
#* * * Потым прыходзіць туга-парадніца, Астывае запал гарачы. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, І плачце з тымі, хто плача. Хмарнасьцю і весялосьць закрэсьліцца, І куцьцёю зробіцца груца. Надзея – роспачы хрэсьніца – Да блакіту будзе гарнуцца. Ветру дадзена поле выблукаць, Плугу сказана гнаць разоры. Небу плакаць – вачэй ня выплакаць. І праз хмары сьмяюцца зоры.
#* * * Дораг цень свой кожнаму дрэву, Покуль ствол яго не струхнеў. Упірлівасьцю на дзень гневу Сам сабе ты зьбіраеш гнеў. І абрынецца гнеў Гасподні Ля апошняй твае вярсты. Будзе страх, як убор ісподні, Палатнець на табе, як ты. Загарыцца лісток барвяны Недзе ля нахмураных хмар. І за гнеў, табой назьбіраны, Атрымаеш, як сам ліхвяр.
#* * * Покуль пчол рупатлівых гуд не астыг, Паўнавока сьмяяцца сотам. Бог у непаслушэнстве замкнуў усіх, Каб усіх памілаваць потым. Паслушэнства ад подслуху неба йдзе. Напачатку трэба самому Пакіпець у бядзе, астыць у вадзе І з чужыны прыбіцца дадому. І на момант забыцца на вечны лёх І на мох над глухой плітою, І пачуць, як душу адмыкае Бог, Напаўняючы мілатою.
#* * * Хоць прысак у прыцемку не атух, Халаднавата вугольлям галодным. У незнаёмай мове моліцца дух, Але застаецца розум халодным. Халаднавата сэрцу ў мове чужой, Нібыта ў неасьвечаным храме, Што поўніцца неабжытай імжой І неўсьвядомленымі дарамі. Малітва на матчынай мове адна Госпаду, зорам і ніцым лозам – Усім зразумела будзе да дна, І ўсьцешыць, і разварушыць розум.
#* * * Спрадвечнасьць не вымяраюць гадамі. На небе трава забыцьця не расьце. Бо, як паміраюць усе ў Адаме, Ажываюць гэтак усе ў Хрысьце. За грэх, што пайшоў ад Адама й Евы, Нясе пакуту зямная плоць. І як мяняюць убор свой дрэвы, Мяняе паству Сваю Гасподзь. І адпаведна кожнаму ў чару – Рабу й анёлу – нальецца ўшчэрць На тым Судзе, што вызначыць кару. Апошні вораг зьнішчыцца – сьмерць.
#* * * Сьвятло аж лілося ў Тварца з вачэй, Ён сьвет тварыў, маладзілася праца. Гарэлі іскрынкі сьвятла зырчэй, Ляцелі, каб зоркамі ў небе стацца. І зоркі, як пчолы ў вульлі, загулі, Аж зазьвінелі далёкія высі. І Бог загадаў ім сьвяціць зямлі, Сабраў у сузор’і, каб не разбрыліся. І сьветлага клопату ўсім стае, I часу – любой праявіцца праяве. У кожнага неба сузор’і свае, Бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
#* * * Кожны лёсу дагадзіць стараецца – Хто душой, хто праўдай, хто маной. Ну а лёс штовечара, штораніцы Надзяляе кожнага віной. І віна ўвасобіцца, ўваблічыцца У людзей, у птушак, у зьвяроў. Кожнаму ягоны грэх залічыцца: За ваду – вадой, крывёй – за кроў. Даўца лёсу за зьмірэньне ўлежнае Выстудзіць лянотніка ў вятрах. Аддавайце кожнаму належнае Адпаведна: мыта, гонар, страх.
#* * * І калі аб крэмень спатыкнецца крэсіва, Дык і вогнішча наесьць вальлё. Бо калі рашчына сьвятая, дык і месіва, І калі корань сьвят, дык і гальлё. У дзяжы душы хлеб надзённы замесіцца – На дарогу будуць праснакі. Бо дарогу, як ад сонца да месяца, Ад сьвятла да тхла б’юць хадакі. Безь людзей жыцьцё – гальлё бязьлістае, Ліст ня ўвесь суравеі зьмялі. І сьвятому гальлю цяжка выстаяць, Кораню не згубіцца ў зямлі.
#* * * Каму салодка і ў палыне – За кім кульгае нуда старая. Хто скупа сее – той скупа жне, Хто шчодра сее – шчодра зьбірае. Аддай усё, што ёсьць у цябе: Ральлі – суботы, гоням – нядзелі. Старайся раніцай у сяўбе, Хай руньню рупнасьць умаладзее. Сьвітанка певень свой цень зьдзяўбе, Зьляціць маркота зязюляй шэрай. Паўторыць шчодрасьць сама сябе, І шчыры колас нальецца верай.
#* * * Не ўзірайся на сьвет варожа На мяжы віднаты й імжы. Хай жа зло цябе не пераможа, Ты дабром яго перамажы. Яд сьцішаюць ядзейшым ядам, Лом пускае трухлядзь на злом. І нутро ўледзяніць паглядам Зло, якое адолееш злом. Роспач кружыць, як тая каня, Што адводзіць страх ад гнязда. Не баіцца дабро зьніканьня. Не мутнее ў крыніцы вада.
#* * * І адплыве ад берага спагады, Да берага душы прыстаўшы, човен. І будзе смутак на ўспамін багаты, Вярнуўшыся зь нябесных перамовін. На дне чаўна заб’ецца рыба страху З вачыма, як у маладжавых зорак. І стане ранічна зямному гмаху, І недзе зоймецца лагодай золак. Луг памяне атаваю пакошу, Параскашуецца прадвесьне ў сьпеве. Нясіце, як сваю, чужую ношу, Няхай ня зойдзе сонца ў вашым гневе.
#* * * Адна ў небыцьцё і ў быцьцё дарога. Усе мы жывём пад прыглядам Божым. Бо мы не прынесьлі на сьвет нічога І вынесьці, значыць, нічога ня можам. Ня ўсыціць чэрава ненажэрца. Вачэй ня засьціць зайздросным совам. Ня срэбра шчырае, шчырае слова – Галоўны скарб наш у сьвеце часовым. А вынесьці можам на разьвітаньне За ўсё, што было да душы, да смаку, За доўгаспрыяньне і спачуваньне Мы вынесьці можам жыцьцю падзяку.
#* * * Калосьсе аральлю скасоўвае, Маланка змоўклы кут высьвечвае. Бо ўсё відочнае – часовае, А невідочнае ўсё – вечнае. У сьветлыні няма характару, І цемя ў цяжкай цемры кволае. І нельга вызначыць каратамі Каменьне жорнаў крутаколае. І мройліва аднойчы ўроіцца, Што небам нам паслана ў спадчыну, Асьвечана Сьвятою Тройцаю, Бо ходзім верай, а ня бачаньнем.
#* * * Да дня бяжыць прывітаць дзяньнік Пад самы ганак сьцежка крывая. Трэба, каб земляроб-працавік Першы пакаштаваў караваю. Ён вешаў сявеньку – радню кулю – На рог маладзіку-сьветласею І на засьнежаную аральлю Вадзіў басанож надзею. Надзеяй жыве земляроб, хлебараб У рабстве надзённага хлеба. І Бога ня просіць, з рабства каб На волю выпусьціў. Сьведкаю неба.
#* * * Валоў ацішаюць ярмом і пашамі. Касмата дажджы прарастаюць травою. Хадзіце роўна нагамі вашымі, Каб не спанталычылася крывое, А каб направілася пашанаю, Каб сьветла хацела цягнуцца ў вышыні. Паклаўшы пад бок аблачыну зьляжаную, Сьніць гром, што бяжыць па роўнай сьцяжыне. Раўняюць гарбаты загон баронамі. Рабіна гронамі сьпёку трымае. З абсягамі рэха як роўнае з роўнымі. Нядоўга сьмяецца дарога крывая.
#* * * У зацьменьне сьвядомасьці Сонца йдзе паступова. Бо куды невядома йсьці – Разгубілася слова. Лжэпрарокі хімерныя, Сатана натуральны. Лжэпрарокам паверылі, Сатане патуралі. І ад праўды адвернуцца, Каб вярнуцца да казак. І душа-аднаверніца Споўніць свой абавязак.
#* * * Пакіне адчаю жацьцё Іржавы іржэўнік ад сутак. Прылашчы цяплей жыцьцё, Каб смутак ня множыў смутак. Блакіт падапруць стажкі, Дзе зьвянуць і зёлкі, і травы. У смутку хатуль цяжкі, У радасьці мех дзіравы. Пустая стыне павець, Няцесна восені ў клеці. І нельга душу сагрэць У гэтым халодным сьвеце.
#* * * Самоту ўзаруць домыслу лемяшы. Хай рызыка вас выпрабоўвае. Надзею майце, як якар душы, Каб не захлынулі вас хвалі жыцьцёвыя. Вяжыце на руме трываньня плыты, Каб з прорвы нявер’я выплысьці. Карэц нябеснае мілаты Прыміце ў пакорлівай сьціпласьці. Пакуль ваш позірк не прывялі У цемнач сьцяжыны рупныя, Жывіце, як першы раз на зямлі, Шануючы час, бо дні падступныя.
#* * * Не схаваць берагі асацэ. Глухне храм без малебна. Ня можа вока сказаць руцэ: – Ты мне не патрэбна. На тое й вока, каб мераць даль, Рука – каб рукацца. Набягае калючай сьлязою жаль. Мазалём плоціць праца. Прызнае меліну глыбіня. Сьцюжай грэбуе сьпёка. Ад парушыньня, ад насланьня Даланя засланяе вока.
#* * * Пражэрліваму ашчэру Свой голад не давярайце. Зьбіраючыся на вячэру, Адно аднаго чакайце. Свой голад не ашукае Галодная ваша вера, Адно гамана людская Расквокчацца, як цяцера. У хатцы, а не ў палацы Сьмялее жабрачая лера. І можа апошняй стацца Маўклівістая вячэра.
1992–1993.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|