РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьледам апостала Паўла

#* * *
Ня верце ні лёсткам, ні брэху,
Шануйце душу ў праваце.
І мёртвымі будзьце для грэху,
Жывымі – для Бога, ў Хрысьце.
 
Нячыстыя думкі і цела
Рыхтуюць цямніцу душы.
Зьняверцу распуста ўсыцела –
І горне, і шэпча: грашы!
 
Завершыць труна прастакута
Крывыя дарогі жыцьця.
Душа да пакуты прыкута,
Заложніца веры – дзіця.

 

#* * *
І сашчэпіць нячысьцік зеўры,
І ўтравее сьцяжына зла.
Дык адкіньма ўбок справы цемры,
Апранемся ў зброю сьвятла.
 
Справы цемры – цёмныя справы.
Хто бярэцца за іх – таму
Напаткаецца лёс каравы
І маною ўцемніць думу.
 
На сьвятле крамянее гольле,
На сьвятло спадзяецца тло.
Як начлежнік цяпельца ў полі,
Сьвет хавае ў вачох сьвятло.

 

#* * *
Азёры ніяк не разьвесьці вінамі –
Слабое віно любое.
Нікому нічога ня будзьце віннымі,
Апроч узаемнай любові.
 
Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю,
Вы – госьці ў гэтым застольлі.
І ваша жыцьцё, як лучына скіпкая,
Ня ўгрэе нябеснай столі.
 
Прыйшлі, каб пайсьці са сваёй таемнасьцю.
Рухавы туман растане.
Дык хоць саміх сябе ўзаемнасьцю
Сагрэйце на разьвітаньне.

 

#* * *
Потым прыходзіць туга-парадніца,
Астывае запал гарачы.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца,
І плачце з тымі, хто плача.
 
Хмарнасьцю і весялосьць закрэсьліцца,
І куцьцёю зробіцца груца.
Надзея – роспачы хрэсьніца –
Да блакіту будзе гарнуцца.
 
Ветру дадзена поле выблукаць,
Плугу сказана гнаць разоры.
Небу плакаць – вачэй ня выплакаць.
І праз хмары сьмяюцца зоры.

 

#* * *
Дораг цень свой кожнаму дрэву,
Покуль ствол яго не струхнеў.
Упірлівасьцю на дзень гневу
Сам сабе ты зьбіраеш гнеў.
 
І абрынецца гнеў Гасподні
Ля апошняй твае вярсты.
Будзе страх, як убор ісподні,
Палатнець на табе, як ты.
 
Загарыцца лісток барвяны
Недзе ля нахмураных хмар.
І за гнеў, табой назьбіраны,
Атрымаеш, як сам ліхвяр.

 

#* * *
Покуль пчол рупатлівых гуд не астыг,
Паўнавока сьмяяцца сотам.
Бог у непаслушэнстве замкнуў усіх,
Каб усіх памілаваць потым.
 
Паслушэнства ад подслуху неба йдзе.
Напачатку трэба самому
Пакіпець у бядзе, астыць у вадзе
І з чужыны прыбіцца дадому.
 
І на момант забыцца на вечны лёх
І на мох над глухой плітою,
І пачуць, як душу адмыкае Бог,
Напаўняючы мілатою.

 

#* * *
Хоць прысак у прыцемку не атух,
Халаднавата вугольлям галодным.
У незнаёмай мове моліцца дух,
Але застаецца розум халодным.
 
Халаднавата сэрцу ў мове чужой,
Нібыта ў неасьвечаным храме,
Што поўніцца неабжытай імжой
І неўсьвядомленымі дарамі.
 
Малітва на матчынай мове адна
Госпаду, зорам і ніцым лозам –
Усім зразумела будзе да дна,
І ўсьцешыць, і разварушыць розум.

 

#* * *
Спрадвечнасьць не вымяраюць гадамі.
На небе трава забыцьця не расьце.
Бо, як паміраюць усе ў Адаме,
Ажываюць гэтак усе ў Хрысьце.
 
За грэх, што пайшоў ад Адама й Евы,
Нясе пакуту зямная плоць.
І як мяняюць убор свой дрэвы,
Мяняе паству Сваю Гасподзь.
 
І адпаведна кожнаму ў чару –
Рабу й анёлу – нальецца ўшчэрць
На тым Судзе, што вызначыць кару.
Апошні вораг зьнішчыцца – сьмерць.

 

#* * *
Сьвятло аж лілося ў Тварца з вачэй,
Ён сьвет тварыў, маладзілася праца.
Гарэлі іскрынкі сьвятла зырчэй,
Ляцелі, каб зоркамі ў небе стацца.
 
І зоркі, як пчолы ў вульлі, загулі,
Аж зазьвінелі далёкія высі.
І Бог загадаў ім сьвяціць зямлі,
Сабраў у сузор’і, каб не разбрыліся.
 
І сьветлага клопату ўсім стае,
I часу – любой праявіцца праяве.
У кожнага неба сузор’і свае,
Бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.

 

#* * *
Кожны лёсу дагадзіць стараецца –
Хто душой, хто праўдай, хто маной.
Ну а лёс штовечара, штораніцы
Надзяляе кожнага віной.
 
І віна ўвасобіцца, ўваблічыцца
У людзей, у птушак, у зьвяроў.
Кожнаму ягоны грэх залічыцца:
За ваду – вадой, крывёй – за кроў.
 
Даўца лёсу за зьмірэньне ўлежнае
Выстудзіць лянотніка ў вятрах.
Аддавайце кожнаму належнае
Адпаведна: мыта, гонар, страх.

 

#* * *
І калі аб крэмень спатыкнецца крэсіва,
Дык і вогнішча наесьць вальлё.
Бо калі рашчына сьвятая, дык і месіва,
І калі корань сьвят, дык і гальлё.
 
У дзяжы душы хлеб надзённы замесіцца –
На дарогу будуць праснакі.
Бо дарогу, як ад сонца да месяца,
Ад сьвятла да тхла б’юць хадакі.
 
Безь людзей жыцьцё – гальлё бязьлістае,
Ліст ня ўвесь суравеі зьмялі.
І сьвятому гальлю цяжка выстаяць,
Кораню не згубіцца ў зямлі.

 

#* * *
Каму салодка і ў палыне –
За кім кульгае нуда старая.
Хто скупа сее – той скупа жне,
Хто шчодра сее – шчодра зьбірае.
 
Аддай усё, што ёсьць у цябе:
Ральлі – суботы, гоням – нядзелі.
Старайся раніцай у сяўбе,
Хай руньню рупнасьць умаладзее.
 
Сьвітанка певень свой цень зьдзяўбе,
Зьляціць маркота зязюляй шэрай.
Паўторыць шчодрасьць сама сябе,
І шчыры колас нальецца верай.

 

#* * *
Не ўзірайся на сьвет варожа
На мяжы віднаты й імжы.
Хай жа зло цябе не пераможа,
Ты дабром яго перамажы.
 
Яд сьцішаюць ядзейшым ядам,
Лом пускае трухлядзь на злом.
І нутро ўледзяніць паглядам
Зло, якое адолееш злом.
 
Роспач кружыць, як тая каня,
Што адводзіць страх ад гнязда.
Не баіцца дабро зьніканьня.
Не мутнее ў крыніцы вада.

 

#* * *
І адплыве ад берага спагады,
Да берага душы прыстаўшы, човен.
І будзе смутак на ўспамін багаты,
Вярнуўшыся зь нябесных перамовін.
 
На дне чаўна заб’ецца рыба страху
З вачыма, як у маладжавых зорак.
І стане ранічна зямному гмаху,
І недзе зоймецца лагодай золак.
 
Луг памяне атаваю пакошу,
Параскашуецца прадвесьне ў сьпеве.
Нясіце, як сваю, чужую ношу,
Няхай ня зойдзе сонца ў вашым гневе.

 

#* * *
Адна ў небыцьцё і ў быцьцё дарога.
Усе мы жывём пад прыглядам Божым.
Бо мы не прынесьлі на сьвет нічога
І вынесьці, значыць, нічога ня можам.
 
Ня ўсыціць чэрава ненажэрца.
Вачэй ня засьціць зайздросным совам.
Ня срэбра шчырае, шчырае слова –
Галоўны скарб наш у сьвеце часовым.
 
А вынесьці можам на разьвітаньне
За ўсё, што было да душы, да смаку,
За доўгаспрыяньне і спачуваньне
Мы вынесьці можам жыцьцю падзяку.

 

#* * *
Калосьсе аральлю скасоўвае,
Маланка змоўклы кут высьвечвае.
Бо ўсё відочнае – часовае,
А невідочнае ўсё – вечнае.
 
У сьветлыні няма характару,
І цемя ў цяжкай цемры кволае.
І нельга вызначыць каратамі
Каменьне жорнаў крутаколае.
 
І мройліва аднойчы ўроіцца,
Што небам нам паслана ў спадчыну,
Асьвечана Сьвятою Тройцаю,
Бо ходзім верай, а ня бачаньнем.

 

#* * *
Да дня бяжыць прывітаць дзяньнік
Пад самы ганак сьцежка крывая.
Трэба, каб земляроб-працавік
Першы пакаштаваў караваю.
 
Ён вешаў сявеньку – радню кулю –
На рог маладзіку-сьветласею
І на засьнежаную аральлю
Вадзіў басанож надзею.
 
Надзеяй жыве земляроб, хлебараб
У рабстве надзённага хлеба.
І Бога ня просіць, з рабства каб
На волю выпусьціў. Сьведкаю неба.

 

#* * *
Валоў ацішаюць ярмом і пашамі.
Касмата дажджы прарастаюць травою.
Хадзіце роўна нагамі вашымі,
Каб не спанталычылася крывое,
 
А каб направілася пашанаю,
Каб сьветла хацела цягнуцца ў вышыні.
Паклаўшы пад бок аблачыну зьляжаную,
Сьніць гром, што бяжыць па роўнай сьцяжыне.
 
Раўняюць гарбаты загон баронамі.
Рабіна гронамі сьпёку трымае.
З абсягамі рэха як роўнае з роўнымі.
Нядоўга сьмяецца дарога крывая.

 

#* * *
У зацьменьне сьвядомасьці
Сонца йдзе паступова.
Бо куды невядома йсьці –
Разгубілася слова.
 
Лжэпрарокі хімерныя,
Сатана натуральны.
Лжэпрарокам паверылі,
Сатане патуралі.
 
І ад праўды адвернуцца,
Каб вярнуцца да казак.
І душа-аднаверніца
Споўніць свой абавязак.

 

#* * *
Пакіне адчаю жацьцё
Іржавы іржэўнік ад сутак.
Прылашчы цяплей жыцьцё,
Каб смутак ня множыў смутак.
 
Блакіт падапруць стажкі,
Дзе зьвянуць і зёлкі, і травы.
У смутку хатуль цяжкі,
У радасьці мех дзіравы.
 
Пустая стыне павець,
Няцесна восені ў клеці.
І нельга душу сагрэць
У гэтым халодным сьвеце.

 

#* * *
Самоту ўзаруць домыслу лемяшы.
Хай рызыка вас выпрабоўвае.
Надзею майце, як якар душы,
Каб не захлынулі вас хвалі жыцьцёвыя.
 
Вяжыце на руме трываньня плыты,
Каб з прорвы нявер’я выплысьці.
Карэц нябеснае мілаты
Прыміце ў пакорлівай сьціпласьці.
 
Пакуль ваш позірк не прывялі
У цемнач сьцяжыны рупныя,
Жывіце, як першы раз на зямлі,
Шануючы час, бо дні падступныя.

 

#* * *
Не схаваць берагі асацэ.
Глухне храм без малебна.
Ня можа вока сказаць руцэ:
– Ты мне не патрэбна.
 
На тое й вока, каб мераць даль,
Рука – каб рукацца.
Набягае калючай сьлязою жаль.
Мазалём плоціць праца.
 
Прызнае меліну глыбіня.
Сьцюжай грэбуе сьпёка.
Ад парушыньня, ад насланьня
Даланя засланяе вока.

 

#* * *
Пражэрліваму ашчэру
Свой голад не давярайце.
Зьбіраючыся на вячэру,
Адно аднаго чакайце.
 
Свой голад не ашукае
Галодная ваша вера,
Адно гамана людская
Расквокчацца, як цяцера.
 
У хатцы, а не ў палацы
Сьмялее жабрачая лера.
І можа апошняй стацца
Маўклівістая вячэра.

 
1992–1993.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.