РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Прыгадваю гарыстыя Бычкі
У горадзе, абраным Панам Богам.
І кланяюся ранішнім дарогам,
Што пабягуць дадому нацянькі,
 
Дзе слова Быкава прапахла стогам,
Дзе п’е паўдзён яшчэ ў ракі з рукі,
Дзе цешацца разлогам скразьнякі,
Затокай – вадзянік, мядзьведзь – мярлогам.
 
Тут Эўфрасіньні Полацкай чало
Зайшло ў імглу, а з Полацка вяло
Сьвятло сьвятое да Ерусаліма.
 
Радзімы без апостала няма.
Свой боль, свой сум, свой подых нездарма
Апосталу даверыла Радзіма.
 
1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.