РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвятарнае сьвятло

#Трыпутнік
І

Ерусалім – хаціна Салямона.
Страха накрыта
Сонечнай саломаю.
Акропленае праведнасьці лона
Сьлязой,
Як з мора Мёртвага,
Салёнаю.
 
ІІ

Ад ускоту аж да закоту
Сонцу хапае сілы
Трымаць сьпякоту
І настрой свой прыўзьняты,
Як бы цыбатацене паўдзён ні рос.
Ерусалімскія схілы –
Як тыя непад’ярэмныя асьляняты.
І мроіцца ўяве нядрэмнае,
Што на неаб’езджаным недзе
У горад уедзе
Ісус Хрыстос.
 
ІІІ

Раскрыжаваныя рукі –
Нібы
Разьнятыя для палёту крылы.
І голас архангельскае трубы
З крыніцы смагі нап’ецца сілы...
І ўбачыш такое ў сабе самым,
Што пабаішся пасьвіць вачыма...
Аднойчы ўвайшоўшы ў Ерусалім,
Ня зможаш
Выйсьці зь Ерусаліма...

 

#Манастыр Латрун
Тут сам сябе саромеецца крок.
Халодных сьцен халодная ахова.
Пятнаццаць год маўчаць
Далі зарок
Манахі,
Каб ачысьцілася слова.
 
З манахамі маўчаць
Віна, бяда,
Трывога ды гарластыя навіны.
Гавораць моўчкі позіркі, хада.
Кранае цішу ўсьмех
Ды ўсхліп нявінны.
 
І толькі манастырскае віно
Прыняць зарок ня хоча
Надта хмуры.
Адно
За ўсіх сьмялей шуміць яно,
Вяшчуючы народзіны й хаўтуры.

 

#І дагэтуль...
Тут жыў рыбак Сымон.
І камяні
Як быццам і дагэтуль
Пахнуць цінай.
Было
Чакалі сеткі глыбіні,
Аблокамі навісшы над хацінай.
 
І мора Галілейскае ўраджай
Не выпускала з хвалістых засекаў,
І рыбакі пачулі праз адчай:
– Я вас зраблю лаўцамі чалавекаў...
 
Назваў Сымона Пётрам Бог жывы,
Каб збыўся каменем Царквы Ягонай.
І, гаспадар гарачай галавы,
Апостал не сьпяшаўся
Стаць іконай.
 
Ён завагаўся, морам ідучы,
І пеўнеў крык пачуў,
Каб адрачыся.
І ў вернасьці да скону кленучыся,
Ад брамы раю атрымаў ключы.

 

#Выхад
І праявіцца будзе час праяве,
А цеста закісьліць няма калі.
І ўцёкам з рабства
Сам Гасподзь спрыяе,
І ў ценяў за плячыма хатулі.
 
Дык на вадзе ўчыняй муку няволі,
І цеста прэснае, як дні твае,
Кладзі на плечы –
Сонца агнявое
Хай праснакі пячы не прыстае.
 
І вёў Майсей...
І пёк пясок, як прысак...
Ня скажуць ні дажджы, ні маразы:
У праснакоў саленаваты прысмак
Ад поту
Ці ад радаснай сьлязы...

 
1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.