РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З А. Міцкевіча
Пані Твардоўская
Пьюць, ядуць і люлькі смалюць,
Таўкатня ўкруг і сваволя,
Ледзь карчмы тэй не развалюць…
Хі-хі, ха-ха, гэй-жа, го-ля!
 
        На канцы стала Твардоўскі
        Сеў, патпёрся, выпнуў бруха,
        I крычыць на чым сьвет боскі,
        I усяк туманіць юха.
 
Салдату, ўдаваў што зуха,
Ўсіх ён лае, разганяе, –
Сьвіснуў шабляй каля вуха,
Ужо з салдата зайца мае.
 
        Старшыне, што місу зь мясам
        Паражніў зь вялікім смакам,
        Пырснуў квасам і тым часам
        Старшыню зрабіў сабакам.
 
Пстрык! шаўца у нос кароткі,
Тры да лба прыткнуў краночкі,
Цмокнуў цмок, і гданьскай водкі
Зь ілба вытачыў паўбочкі.
 
        Тут, як водку піў з келіха,
        У келіху сьвіст зрабіўся;
        Глядзь на дно – Гэй, што за ліха!
        Ты чаго, кум, сюды ўбіўся?
 
На дне ў чарцы бачыць – чорцік:
Чысты немец, знае ўвагу;
Пакланіўся і, як хорцік,
На падлогу дае цягу.
 
        Скочыў, вырас на два локці,
        Нос, як гачык – знаць, што нелюдзь,
        I савіные пазногці
        На худых нагах віднеюць.
 
«А! Твардоўскі... як дуж, браце?!»
Так гавора і падходзе:
«Ці ж ня хочаш нат пазнаці
Мафістофаля, дабродзей?
 
        Там, пад Лысаю Гарою,
        Што душу нам атступаеш,
        Патпісаўся ты крывёю,
        А цяпер і ані дбаеш!
 
Надало ж табе забыцца,
Што, як два мінуць гадочкі,
Меўся ў Рыме ты явіцца,
Каб цябе ўзяць за грахочкі.
 
        Ўжо сыходзе год і сёмы,
        I кантракт далей ня служа,
        А за чары, ой, даўно мы
        Жджом цябе у пекле, дружа.
 
Але хоць чакаў я леты,
Помста ўрэшце даканана:
Рым завецца шынок гэты...
Кладу арышт на васпана».
 
        Даць хацеў Твардоўскі цягу
        На сказ гэтакі чартовы,
        Але той злавіў за дзягу:
        «А дзе, кажа, гонар слова?»
 
Што рабіць? чарта насьпела,
Схопе ў пекла тут, і годзе.
Дый Твардоўскі знае дзела,
I таму мазгі заводзе.
 
        «Гэй, ты, чорце! глянуць зволь-ка
        У кантракт, дзе пункты ўвідзіш,
        Што як лет мінецца столька,
        Па маю душу як прыдзеш, –
 
Буду права мець тры разы
Запрагчы цябе ў работу, –
Ты ж найгоршыя прыказы
Мусіш споўніць што да ёты.
 
        Глянь, над карчмай маляваньне:
        Конь грывясты, хвост, як вехаць;
        Тут жывым нехай ён стане,
        Мушу я на ём праехаць.
 
Біч зь пяску скруці мне, бесе,
Каб каня меў чым пагнаці;
Хорам выбудуй у лесе,
Каб было дзе папасаці.
 
        Зруб стаўляй зь зярнят арэху,
        Прыкажы знасіць іх раку,
        Жыда пэйсамі лаць стрэху,
        Места гонт — крый зернем маку.
 
Глянь, цьвячок такі прымерна:
Ў цаль – таўсты, даўгі – тры цалі;
Бі у кожна маку зерна
Па тры гэткія ганталі».
 
        Мафістофель духам скоча,
        Каня корме, пое, чысьце,
        Біч даўгі са жвіру точа,
        А ўсё жыва і агнісьце.
 
Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
Ўзяў за повад, конь здаровы,
Знай, трымайся што ёсьць сілы,
Аж тут зірк: палац гатовы.
 
        «Так, так! выйграў, пане бісе;
        Ды работа жджэ другая:
        Ты скупайся ў гэтай місе —
        Толькі ў ёй вода сьвятая».
 
Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сьцюдзёны крые;
Усё ж, пан кажа — слуга мусе,
Чорт скупаўся аж па шыю.
 
        Потым выскачыў, як з жару,
        I Твардоўскага зноў страша:
        «Я цяжкую вынес кару,
        Але й ты у моцы нашай».
 
«Раз яшчэ – і будзе квіта –
Па кантракту ёсьць нагонка...
Глянь, вун баба каля сіта,
Гэта, чорце, мая жонка.
 
        Я на год у Вэльзабуба
        За цябе жыць астануся,
        А праз той час мая люба
        Жыць з табой, як з мужам, мусе.
 
Службу, любасьць, шанаваньне
Хай ёй ваша прысягае,
Зломіш хоць адно заданьне –
Уся умова прападае».
 
        Што той кажа, чорт пільнуе,
        Вокам кідае на самку,
        Быццам бачыць, быццам чуе,
        І збліжаецца пад клямку.
 
А Твардоўскі пры ім суча,
Быццам гнецца, а ўсё бача;
Скочыў дзюркай чорт ад ключа,
I дагэтуль недзе скача.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.