Хай будзе так, як ты схацеў, тваё жаданьне не парушу, вядзе душа ласкавы сьпеў, а я маўчаць яе прымушу. Раздам прахожым рэшту слоў я сваёй шчырасьці няёмкай, праз чараду тваіх гадоў прайду маўклівай незнаёмкай, Глыбока ў сэрцы пралягла тваёй адчужанасьці рыска, чаго шукала – не знайшла, у блізкасьці была няблізкай. Суніме час пачуцьцяў вір, пяроймуць смутак мой бярозы, бо ім прасьцей кідаць у жвір зь лісьця расы начное сьлёзы. І адплыве ў далёкі сьвет усё, што сёньня ў сэрцы маю, мне не шкада губляць твой сьлед, я маладосьць з табой губляю. А недзе там, дзе далягляд на лета чыніцца грамамі, былое рынецца назад i захлынецца паміж намі.
|
|