РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слуцкая шаша
Не сьпяшайце, шафёры,
          праехаць знаёмым маршрутам,
пачытайце газэту
          на прыпынках далёкіх з нуды,
я да гэтага месца,
          канечне ж, нічым не прыкута,
але вы пачакайце...
          Мае не сьцірайце сьляды!
Тут нядаўна шумела
          на адхонах суквецьце
траў збуялых i кветак,
          што туманяць з налёту пагляд,
многа сьцежак маіх
          пралягае на шчасьце па сьвеце,
ну, а гэта шаша –
          мой, на горкі ўспамін,
далягляд.
 
Засталася ўва мне
          неашчаднае ласкі пазыка,
з кім цяпер разьлічыцца,
          даверыць каму неспакой?!
Вунь за той павароткай
          чаруе нябачны музыка
i шуміць, i трапеча
          лістота ў яго пад рукой.
Западаюць у сэрца
          трывожнаю музыкай ноты,
мне нідзе паратунку
          ад гэтага шалу няма,
я зьнямогла маўчу,
          баючыся сказаць яму: «Хто ты?!»,
каб, выпадкам, ня ўчуць
          забароненай згадкі імя.
Праплываюць слупы...
          Праплываюць гароды...
За каўнер ападае
          дажджавая імжа...
Як правесьці цябе,
          хоць пункцірам праз годы,
праляцелая ў восеньскі вырай
          шаша?!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.