РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дваццаты век, цень верталёта
Ляціць над гмахамі дамоў.
На ярасна-высокай ноце
Трапеча праца гарадоў.
 
Бяжыць над залатым бэтонам,
Над эстакадамі ў сусьвет,
Над трызьненьнем людзей шалёным
Трывожнае сьвятло ракет.
 
I горад ад неона сіні,
Дзе век прыстанак свой знайшоў,
Трымае ў вуліцах жанчыну
Зь дзiцячай, спуджанай душой.
 
Ў адвечнай празе чалавека
Яе душа, яе рука
Шукае месца ў гэтым веку
I ўсё ня можа адшукаць.
 
То ў шыльдах Суцiна, то ў Хласка,
То ў Бацiчэлi, то ў Манэ,
Ў канкрэтнай музыцы, ў Пiкаса,
Ў хлусьнi, ў каханьнi i ў вiне,
 
Ў карэктным мужы i ў кватэры,
Ў калекцыi старых карцiн,
Ва ўсьмешлiвых старых хiмерах…
Цi новых? – Знае Бог адзiн.
 
Мана – ад прагi ўстаткаваньня,
Мана – ад сьнегу за акном.
Няма сьвятла, няма каханьня.
Халодны сьвет. Халодны дом.
 
Ня ведае, што век дваццаты
Ў сьвятле, што бачыць ясны зрок,
У лiтасьцi, ў ламаньнi кратаў,
Ў паўстаньнi полымя на змрок.
 
Мне скажуць: моцным без патрэбы
Трымаць над прорваю такiх.
А я ўяўляю зоры ў небе
I вочы, што жывуць бязь iх.
 
I нават больш яе кахаю.
Няўтульная душой да дна,
Зусiм малая, трапяткая,
Яна адна ў мяне. Адна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.