РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рагнарадзі
Словы паўночных паданьняў.
Годы амаль што згладзiлi;
Словы прароцтва змрочнага,
Як ф’ёрдаў начных берагi:
«Настане апошнi дзень –
Бiтва пры Рагнарадзi,
Ў якой загiнуць гэроi,
Ў якой загiнуць багi.
Будуць бiцца да сьмерцi,
Рыкам поўнячы горла,
Ў полi жалезным лягуць
Апошняй данiнай мячам.
Ня будзе нi пекла, нi рая,
Загiнуць душы памёрлых,
А час зжуе iх дасьпехi,
А потым скончыцца сам».
 
Годы мае,
Як строфы,
Строяцца ў моцным парадзе.
Лёс чакае няўхільны,
Просты, як хлеб і сьвінец.
Чакаю майго Рагнарадзі,
Чакаю майго Рагнарадзі,
Чакаю майго Рагнарадзі,
I мне ня страшны канец.
Быў змагаром суровым,
Ворагам быў сталёвым,
Рыцарам чалавечнасьцi
Над прорвай страшных баёў.
Я не ўцякаў нiколi
Ў вечнай бiтве за волю,
Браў тое, што мне належала,
I тое, што не маё.
Меў я толькi радзiму:
Пушчы, палеткi, вежы,
Ясную песьню жаўранка
Ў моры надрэчных траў.
Песьня мне не належала,
Голас мне не належаў,
Слова мне не належала, –
I ўсё я ў змаганьні ўзяў.
Бронзай гучала зброя,
Срэбрам зьвiнела слова.
Зброяй i песьняй такою
Здолеў я ўсё узяць,
I толькi ня ўзяў адзiнага,
Маёй адзiнай любовi,
Сьмерцю ўзятай любовi.
Ня мог у руках затрымаць.
Вазьмi сабе ружы тугi маёй,
Пакiнь мне крывавыя макi,
Тыя, што на магiлах
Забiтых байцоў гараць.
Бывай, мой далёкi бераг.
Шчасьце апошняе, дзякуй!
Няма забыцьця на сьвеце,
I ня ў ложку мне памiраць.
Я ня плямiў нiколi
Рукi бязьвiннай крывёю,
Ня плямiў маною песьню
I словам здраднiцкiм – рот.
Я воiнам быў нястомным
З жорсткасьцю i хлусьнёю,
I без забрала, да сьмерцi
Бiўся за просты народ.
Я ведаю: я загiну,
Загiну i ня ўваскрэсну,
I ўсё ж за народы змагацца
Пакiну кагорты свае,
I будуць магутнымі словы,
I пераможнымі – песьні,
Нават тады, калі прахам
Стануць косьцi мае.
Такiя байцы не ўцякуць,
Такія сябры ня здрадзяць,
Добрыя, як паветра,
Надзейныя, як сьвiнец.
А потым настане бітва,
Бітва пры Рагнарадзі,
I чалавецтву старому
Прыйдзе паўсюль канец.
     
Гэта будзе, напэўна,
Ранiцай яснага мая,
Тады не з крывёю паэты
Параўноўваць будуць зару.
Зброя ня будзе патрэбнай –
I людзі яе зламаюць,
Гэроi ня будуць патрэбны –
I ў бітве апошняй памруць.
I лёсам нашчадкаў будуць
Толькі каханьня раны,
I толькі аднойчы мужчына
Пралье жыватворную кроў,
I шчасьце будзе нясьцерпным,
Бы ад зьліцьця з каханай,
Толькі ня два імгненьні,
А тысячы тысяч вякоў.
   
Пралескі спакойна будуць
Квітнець на сьветлым прадвесьні,
А дзеці – гуляць жалудамі
Пасаджаных намі дубоў,
I людзям ня будуць патрэбны
Мае iржавыя песьнi,
I людзям ня будуць патрэбны
Мой боль і мая любоў...
Думы мае загiнуць,
Думы гневу i радасьцi,
Народжаныя ў пакутах
Тысяч бяссонных начэй.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Прыйдзi, маё Рагнарадзi,
Прыйдзi, маё Рагнарадзi,
Няхай забыцьцё, Рагнарадзi.
Прыходзь.
 
Наступай.
Хутчэй...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.