РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спозьненая ода
Шмат пісалі паэты і я
Пра салістаў
Нашых сцэн, нашых ніў,
Пералескаў цяністых.
 
А ніхто – у тым ліку і я,
Хоць пара б –
Не стварыў нейкай оды
Пра пількаўскіх жаб.
 
А яны ж пець умелі
I такія рулады
Выціналі ў вясельных
Сваіх серэнадах,
 
Што ня ўседзіш у хаце,
Iх паслухаць выходзіш
На начное раззор’е,
На рачное разводзьдзе.
 
Нават бусел ня раз
Забываў пра сьняданьне,
Крылы ўзьняўшы, застыўшы,
Іх слухаў крактаньне,
 
Перакумкаваньне,
Туркатаньне і рогат
На грымучых рачных
Перакатах, парогах.
 
Як шкада, што, калі
Плёсы ў нас асушалі,
Самадзейнасьці гэтай
Мы не запісалі!
 
I што для веснавых
Там канцэртаў парадаў
Не пакінулі хоць
Невялічкай эстрады
 
З зыбунамі, рачулкай,
Густой асакою,
З дыванамі імхоў,
Разатканых лазою!
 
1979
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.