РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сон пра агарод
За частаколам,
Абвешаным глякамі,
Аблюбаваным
Варажбіткамі-сарокамі,
Абвітым крапівой-кусучкай
I прадчуваньнямі
Прыгод неверагодных, –
Сланечнікі
Вангогаўскія зьзяюць.
 
У сонцы іх,
Лычамі расхінуўшы
Зяленіва заслон,
Загараюць гарбузы з гуркамі.
У засені зялёных
– Парасонаў і гейзераў
Лістоты буйнай
Сядзяць прысадзістыя буракі,
А побач –
Пылянячы вывадак –
Цыбуля.
 
Далей – цыбаты боб,
Учэпісты гарох
I качаны брухатыя капусты,
Сярод якой, казала маці,
Некалі тут, грады полючы,
Знайшла мяне.
 
Шкада,
Што сон мой
Абарвала ты
I разбудзіла.
Напэўна, ў гэтым агародзе
Я зноў пабачыў бы
I сваю маці.
 
1980
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.