РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рыцарская баляда
Сёньня, мінаючы руіны
Нейкага замка –
Такія старыя, што пра іх
Нічога ня знаюць
I павівальныя бабкі –
Раптам убачыў:
На вежы паходні палаюць,
I нехта ў панцыры і зь мячом
Мяне аклікае:
– Ты хто?
– Тутэйшы...
– А ты? – пытаюся са страхам.
– Я – Караткевіч Першы.
Скажы, калі падарозе ішоў,
Не сустрэў ты славутых мужоў:
Баяна, Гусоўскага або Скарыну?
– Вечная ім памяць і ўдзячнасьць краіны, –
З паклонам адказаў я.
I тут, успомніўшы,
Што мы некалі зналіся
I сустракаліся
На розных турнірах,
Абняліся і расплакаліся з радасьці.
Па-нашаму. Па-паўночнаму.
Па-беларуску. Шчыра.
 
1983
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.