РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарапаха і Кабан
Паводле армянскай казкі
Жартавалі з Чарапахі
Зьвяры ўсе,
Што яна хадзіць ня ўмее,
А паўзе.
 
А найбольш Кабан-праныра
Дакучаў:
Недарэкай і гультайкай
Называў.
 
Аж, нарэшце, Чарапаху
Ўзяла злосьць.
I лычатаму гаворыць:
– Ягамосьць,
 
Дай мне патрэніравацца
Нейкі час.
I пабачыш: хто круцейшы
Будзе з нас.
 
Толькі ты не падглядай,
Адно – ў лаўжы,
Пару месяцаў спакойна
Паляжы.
 
А каб ты не аслабеў,
Не пахудзеў,
Буду ежу дастаўляць табе
Штодзень...
 
Аж зайшоўся сьмехам-рогатам
Кабан.
– Добра, – кажа,– пажыву сабе,
Як пан...
 
Вось залёг ён у цяністым
Гушчары.
Чарапаха ж ад зары
І да зары
 
Яму носіць бульбу, бручку,
Буракі
Ды з травіцай-медуніцай
Агуркі.
 
– Ну, ці хутка, недарэка,
Мы з табой
У абмінкі пабяжым
На вадапой?
 
А яна яму ў адказ:
– Ды пачакай,
Не сьпяшайся, куме,
Сілы набірай.
 
Трэба, каб ты быў
I гладак і здароў.
Вось яшчэ табе падкіну
Жалудоў.
 
I Кабан стараўся:
Еў, і еў, і еў.
I нарэшце так ад ежы
Раздабрэў,
 
Што, калі агаласілі
Марафон,
Ледзь з лаўжа свайго на бруху
Выпаўз ён.
 
Спрабаваў быў Чарапаху
Абагнаць,
Але, скочыўшы за ёю
Крокаў пяць,
 
Так зарыўся сваім лычам
У мурог,
Што аж сам без дапамогі
Ўстаць ня змог.
 
Я пры гэтым быў і бачыў –
Не мана! –
Як праўчыла Чарапаха
Кабана.
 
1983
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.