РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У судзе
Давялося ж і мне быць на велькім судзе,
На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе:
Мужыкі і паны, маскалі і жыды,
Хто у чым, як папаў, – ўсё туды ды туды.
Тут кажух, і шынэль, і бурнос, лапсардак,
І сурдут, і мундзер... а адзін быў і храк
(Так як куртка з хвастом), і брадзяжка* была...
Прыйшлі ўсе, і Пантурчыха навет прыйшла...
Быў тут ксёндз, быў і поп, быў і рабін жыдоў,
Толькі наш аліндар*, той чагось не прыйшоў.
Самы суд за шырокі сеў стол ўпяцярох,
Шосты ходзе сабе, – ўсе ў залатых каўнярох*,
Як дукат на дукат, так на іх зіхаціць.
(Каб я быў так багат – не хацеў бы судзіць.)
Па аднэй старане душ чтарнасця сядзіць,
Па другой – арыштант, той, што будуць судзіць,
А прад ім – без палы, толькі хвосцік вісеў -
Адвакат, што то меў бараніць, той сядзеў.
Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок,
Што у пушчы гдзесь меў патайны браварок.
А акцызнік* Яськоў браў з яго кубана*,
Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана.
І акцызнік той быў, прысягаўся і ён,
Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,
Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,
Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла...
А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,
А таго ж не сказаў, як Пантурку даіў.
Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць.
Прысягаўшы на тым, трэба ж праўду казаць!
Тут пытаюць мяне, а тут жаль Петрука;
І мая ж у яго там прапала мука,
І я думаў сабе выгнаць водкі з вядро
На васэле дачкі (вот было бы дабро),
Ды завёз Петруку дзве асьміны мукі,
Дык якраз на той час наляцелі ж «крукі»,
Ды мяне ж павялі у той лес панятым,
Каб ім дна не было і акцызнікам тым!
Як спыталіся ўсіх, – прачыталі той «а х»,
Што злавіўся Пятрук (а набрэхана ж – страх).
Там такое стаіць, што і ў думцы няма:
Паравік, змеявік і якаясь шляма*...
Прачыталі ото і яшчэ там папер;
Пагляджу ж, кажу я, што-то будзе цяпер?
Прасцідацель сказаў: «Пяць мінут перарыў!»
І ў каморку шмыгнуў, толькі ксёнжку закрыў.
І усе паднялісь і пайшлі хто куды;
Я застаўся сядзець, усё роўна з нуды.
Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў,
Што сядзеў на канцы і найболей пытаў;
Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: «Прытакол, прытакол!»
І казну спамінаў, і трубу, і кацёл,
І муку, і мяшок... ды усё – «прытакол!».
Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў;
Калі – бразць! і я тут! – А бадай ты прапаў!..
Але хвале мяне, справядлівым заве,
На Пантурку ж зіркне, – як скаціна, раве:
«Вінават, вінават, няхай плаце казне,
І ў турму, і ў Сібір!» – і яшчэ кудысь пхне...
Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў,
Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы ды з’еў.
А сказаць бы, за што? – За сваё за дабро.
Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро;
Што за наўда* яму, каб ён свету не знаў,
Ці Пантурка з’еў блін, ці гарэлкі нагнаў?
Потым стаў вылічаць свае страты акцыз:
Той дык так бы зубамі Пантурку загрыз!
Налічаў, налічаў – і двайну і трайну,
Як шынкар у карчме тваю чарку адну.
І начынне забраць, і худобу прадаць,
Што ў казну, то ў казну, і яшчэ камусь даць,
Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні.
(У Пятра ж каб хоць грош, не то што, ў кішані.
Смачны жабе гарэх, да зубоў Бог не даў -
Каб акцыз тое меў, што ў Пантуркі забраў;
Дзве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз,
І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз.)
Аж не сцярпеў той пан, што у куртцы сядзеў;
Петруку штось сказаў, акуляры надзеў.
Калі ж крыкне-зыкне, аж затросся той суд.
«Гдзе тут, – кажа, – віна, чым Пятрук вінен тут?
Што скацінку карміў працаваным дабром,
Насіў брагу з двара на насідлах вядром?
Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць...»
Як зачаў гаварыць, як зачаў бедаваць,
Дык Пятрук і не гнаў, і у лесе не быў,
А то я вінават, я сам гнаў, і падбіў,
І данёс на яго... Вінават я увесь!
А бадай ты прапаў, а бадай цябе рэзь!
Як ката дагары, так ён дзела скруціў:
На мяне набрахаў, Пантурка зашчыціў.
Я гляджу, што тут куц, – прападу, як сука,
Бо мяшок тыкі мой, ды мая ж і мука!..
Калі дзверы «скрыпель»,
                                  а я – «шусць» праз людзей,
Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы бардзей;
Прыляцеў аж у дом, бурачкоў трохі з’еў,
Сказаў жонцы: «Маўчы ж!» Сам у лес паляцеў:
На тым мейсцы, гдзе быў браварок Пантурка,
Дай садзіць дзераўца, аж самлела рука.
Сцежку мохам заклаў і след той так закрыў,
Што ніхто б не пазнаў, гдзе і бровар, ці быў.
Ды ізноў аж на суд, а суда ўжо няма,
Толькі плача, клянець Пантурчыха сама.
Пантурка адвялі-тыкі зараз ў астрог;
Той куртаты зашчыт, як кадзідла, памог.
Я ж якосьць уцалеў ад суда на той час.
Каб жа Бог не давёў на той суд другі раз!


Каментары

Брадзяжка – валацуга; бяспашпартная.
Аліндар – арандатар.
Усе ў залатых каўнярох – у аўтографе: усе ў адных каўнярох.
Акцызнік – службовец акцызнай установы, якая збірала падатак за выраб і продаж гарэлкі.
Кубан – хабар.
Шляма (польск. szlam) – шлам; ціна, асадак (у паравых катлах пры адстойванні ці фільтрацыі).
Наўда – карысць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.