РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Усё, пра што ты думаеш
Усё, пра што ты думаеш,
існуе ў тваёй галаве:

высокае жыта за студняй,
цэбар, вада ў ім зялёная
i чорныя апалонікі —
заўтра ўжо камары…
…жыве ў тваёй галаве:
камізэля абходчыка жоўтая,
салодкі дым паравоза,
рэйкі Лібава-Роменскай,
дрэва лісткі маладыя
прыліплі да пальцаў школьніка…
… жыве ў тваёй галаве:
рыжы кажух дзеда i калаўрот на гарышчы,
леташнія кілбаскі сухія ў вялікім кашы,
фасоліны залацістыя ловіш у малацэ,
на прыпечку гостраць нож,
сякера ў калодзе, строгая
баба Грася на зэдліку
расплятае сівую касу,
тулава пеўня скача i кроў з гарляка пырскае
па хларафіле дварышча
i сьвежых альховых трэсках…
…жыве ў тваёй галаве:
рызьнік сонечным днём
узьехаў на панадворак
забраць старызну гадоў;
белыя ізалятары
часоў электрыфікацыі
бацька твой б’е натхнёна,
а потым крышыць курам
зь вераю, што пачнуць яны
несціся гарадзкімі
белымі-белымі яйкамі…
… усё, пра што ты думаеш,
існуе ў тваёй галаве:

ранкам раса першабытная,
рыбіны цела пругкае,
на выгане парнакапытныя,
па бруку рыдван грукае,
сабака яшчэ цёпленькім
зайца бярэ ў гнязьдзе,
i крапаюць верхнія кропелькі
па ніжняй вадзе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.