РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Эніра Браніцкая
…ты poбіш расьцяжку, навучана
прыёмам дзюдо i пачуцьцям
нянавісці да акупанта.
Замежныя мовы ты ведаеш
і
сьпецыяльнымі іншымі
ведамі, пэўна, валодаеш,
плюс да таго ты начулася
прыблатнёнае фені ў камеры
турэмнага ізалятару,
дэмакратычна кляймёнага
“амэрыканкай”
i сьціпла схаванага ў порціку
за жоўтым гэбэшным гмахам…
У свае маладыя годзікі
ты столькі ўжо бруду зьведала!
Ты ўжо не забудзеш ніколі,
як пахне жаночая камера,
як сьпіцца на “верталёце”*
i сьніцца свабодны Край,
i як у прагулачным дворыку
нясьцерпна вольнасьці хочацца,
i хоць бы вось тою бліскучаю
i цьвёрдакрылай кузуркаю,
а выпаўзьці з гэтага логава,
так дэмакратычна кляймёнага…
I ўсё-ткі, Эніра Браніцкая,
ня гэты брутальны экспірыенс,
 
* “Верталёт” – турэмныя нары, якія
днём адкідваюцца да сьцяны (жаргон).
 
што німбам сьмярдзючым зьвіваецца
над Вашай чарнявай галоўкаю,
хацеў бы я бачыць, о не!
I мне перманентныя вышукі
быдлячай улады вядомыя,
i я разрываў свае лёгкія
густой протасферай камеры.
I усё ж пра мужчынаў мы ведаем,
што лёс наш – турма ці вайна.
А Вы, о Эніра Браніцкая,
наш сімвал Айчыны i Вольнасьці,
жывіце свабоднаю птушкаю,
відушчай ляціце арліцаю,
уцелаўлёнай Радзімаю –
чарнявая, стройная, мудрая,
надзейная, годная, – нашая!
А я напішу Вам гекзаметры,
як пахнеце Вы травастоямі,
як Вашай энэргіяй поўняцца
карпускулы атмасферычныя,
i крушні, грымотам адкрытыя,
зьбянтэжана заціхаюць,
як толькі Вы засынаеце
на грубым турэмным посьціле…
 
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
 
Вярні ж нам, Эніра Браніцкая,
надзею i веру, а самае
галоўнае, самае-самае –
любоў нам, Эніра, вярні!
 
2006
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.