Гэта бывае – хочацца болю; гэта бывае – хочацца ў неба, дзе адшукаеш свабоду i волю, у гэтым толькі твая патрэба – выйсьці на волю, на волю, на волю! Зімою шукаеш зімы i сьнегу, чыстага сьнегу, празрыстага лёду; чытаеш гісторыі пра Сапегу, нібыта схемы сакрэтнага коду на волю! на волю! на волю! Цела тваё паддаецца спакусе зрабіць зацяжку i выпіць, i зьесці… О як няпроста, сьвяты Icyce, “з цэлым народам гутарку весьці” пра волю, пра волю, пра волю! Але ўжо палае ў сьнежаньскім небе палярнае ззяньне з краю да краю, i ты ў экстазе нішчыш плацэба, i шэпчаш зацята: я выбіраю ісьці на волю, на волю, на волю! А там, на волі, на горных вышынях, у водах вечнага акіяну, ты будзеш Радзіме сапраўдным сынам, шчаслівы ў дзень на сьвятога Яна, бо ты нарэшце на волі, на волі!
2007
|
|