 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Як з дрэва цьвет, злавесны лёс Вас разагнаў віхром па сьвеце I кожны ў сьвет свой крыж панёс, Радзіму маючы наўвеце. Мае выгнаныя браты Аж за хрыбтамі Гімалаю! Я вам пішу свае лісты Бяз маркі – марай дасылаю. Спляліся нэрвамі радкі, Пяюць аб страшна перажытым: Усюды чорныя грудкі – Агонь прайшоў, як град над жытам. Вядзе нядоля шлях віты, Бяздомных гоніць па чужыне. I я і ўсе мае браты Жывём на лепшым успаміне. Як мы, ступiўшы за парог, Сямейны гоман чулі ў хаце, Як на Вялікадні пірог Між нас, дзяцей, дзяліла Маці. А сёньня думкі паплылі З журбой балючай, нявыгойнай. Мы – ва вандроўным караблі, Ня маем прыстані спакойнай. Мы ўсе пазналі жах і сум. Рыпіць жыцьцё ў жабрачым стане. Сьціхае ўсё: ў пяскох самум I буры-штормы ў акіяне, I ў белых тундрах маразы, I ў горах громы землятруса. А шум бярозы і лазы Ня моўкне ў сэрцы Беларуса. Штогод расьце, гучыць мацней, – Шлях да Радзімы пракладае... Сьмяяцца й плакаць, як даўней, Душа трывожная жадае.
1945
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|