РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калі
Калі згасьне апошняе зьзяньне
там, высока, паміж балачынаў,
і выходзiць з лагчынаў зьмярканьне,
абхінуўшыся хусткаю сіняй,
калі сьняць вербалозы над рэчкай
аб вясьняным, аб сонечным сьвяце,
калі белаю воўнай авечкаў
устаюць туманы зь сенажаці,
калі ў небе зялёным, бяззорным
маладзік залаты выплывае,
калі складным, залівістым хорам
жабі род у лагу запявае, –
о, тады забываецца неяк
сьвет і ўсё на зямлі, навакола,
расьцьвітае душа, паланее
і ўзьлятае высока, вясёла,
сьветлым зданьнем – вясёлкай шугае
у нябёснае сіняе поле,
дзе сьмяецца яна і вітае
ўсё, што ёсьць...
                            а ня будзе ніколі.
 
Хэлмна, 1932
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.