Я знаю – час плыве, па кроплі кропля, ў змрок. У кволай чары рук яго не утрымаеш. Налета – у цішы разбураных муроў – ён расьцьвіце мо зноў, але ўжо іншым маем. Ды так сплялося, што – ці хочацца, ці не, ісьці кудысь туды нам з часам па дарозе. Вось мы й брыдзём сабе, а ў плаўкім тумане абапал – то цьвітуць, то адцьвітаюць лозы. Парыпвае, хрумсьціць падмоклы, гойстры жвір, сабакам верным сьцень туляецца пры боку. I добра... Толькі менш тых зораў у крыві і зораў уваччу із кожным новым крокам... «Memento mori», – гуў калісь, загнаны ў кут жудою нябыцьця, наш сьвет па цёмных норах. Яшчэ й цяпер, парой на зблытаным утку бярэ ён зноў снаваць сваё «Memento mori»! Ды іншыя мы ўжо... У вецер і зару імкнуся я зь вясной зялёнаю у згодзе, бо ведаю, што хоць калісьці – і памру, «Жыцьцё – нішто, як сьмерць, а сьмерць – жыцьцё!» і годзе!
Менск, 1943
|
|