РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Для насьценнай газэты БДзВ

#1
Што ты сьпіш?

Па Кальцову

Што ты сьпіш, Госыздат?
Бач, вясна на днарэ,
суседзі твае
Ўжо працуюць даўно.
 
Ты збудзіся, устань,
На сябе паглядзі,
Чым ты быў, чым ты ёсьць
I што будзе зь цябе.
 
Ні шрыфтоў, ні прылад,
Ні той фарбы людской,
I паперу тваю
Даядае пацук.
 
Замест кніжак для школ
Бланкі шлёпаеш ты,
А пацехі ад іх
Ні табе, ні людзям.
 
Ты устань, Госыздат,
Пратры вочы свае,
Бо інакш хтось другі
Скарыстае твой сон.

 

#2
Да нашага праўленьня
безнадзейнае маленьне

Праз нашу бясцэнную
Газэту насьценную
      Заносім маленьне, –
Зьвяртаемся з просьбаю
(Ды ўжо ж – ня з грозьбаю)
      К табе, праўленьне!
 
Вока ласкавае
Мей ты над справаю
      Друку ўляпшэньня:
Для нашых сектараў
Трэба, як нектару,
      Грошы, праўленьне!
 
Паперы белае
Кіп сотні цэлыя
      Даць мей хаценьне,
I шрыфту ўсякага,
Але небыякага,
      Падай, праўленьне!
 
Машыну сшывальную
I фальцавальную
      Для палягчэньня,
Машыну наборную
I фарбу чорную
      Дай нам, праўленьне!
 
I цынкаграфію,
Для паліграфіі
      Нашай збаўленьне,
I стэратыпную
Болей дасьціпную
      Падай, праўленьне!
 
Пад пераплётную
Больш паваротнае
      Дай памяшчэньне;
Ад сьціску цеснага,
Як зла няўцешнага,
      Выбаў, праўленьне!
 
Хоць не актыўнае,
Але калектыўнае
      Гэта маленьне
Заносім, плачучы,
Прасьвету ня бачучы,
      К табе, праўленьне!

 
1924
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.