РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларусі ардэнаноснай
350
Да гадавіны вызваленьня ад белапалякаў
і дня ўручэньня ордэна Леніна


 

#I
Чым ты была, Беларусь мая родная, –
Хіба ж ня бачылі нашыя вочы?
Вечна абдзёртая, вечна галодная,
Сонца ня ведала, а толькі ночы...
Людзі твае, ў беднаце гадаваныя,
З торбай жабрацкаю век дажывалі...
Злосна стагналі вятры над курганамі,
Хмары насіліся чорнаю хваляй.
Цар, цараняты нагайкамі няньчылі,
Пан і паняты пасьлі бізунамі,
Турмамі песьцілі, петлямі лашчылі,
Розгамі секлі, цямрылі багамі.
Цар, генэралы і панства вяльможнае
З гікам і сьвістам спраўлялі банкеты...
Вёску абдзёртую думкі трывожылі,
Блукаўся старац разуты, разьдзеты.
Годы ішлі, ўсьлед ішло гора-злыбеда,
А прад вачамі заклятыя далі...
Ой, хто крутыя шляхі гора выведаў,
Песьні чаму ўсё аб горы складалі?
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Грозна завылі гарматы хаўтурскія,
Цёплая кроў арасіла прасторы:
Горы Карпацкія, багны Мазурскія,
Роднай краіны даліны і горы.
Скрэжат і сьмерць. А там... бежанцы, бежанцы...
Густа пайшлі за магілай магіла.
Хоць бы ўжо ў царскае горла урэзацца,
Хоць бы кроў з панскіх выпусьціць жылаў!
Так аблілося крывёй поле роднае,
Так балявалі чужацкія госьці.
Вецер заводзіў малітву жалобную,
Чорны груган зьбіраў белыя косьці.
Але зьмяніла навалу германскую
Подлае панства ад польскай кароны, –
Скрыпнулі вісельні, путы забразгалі,
Кроў палілася... Пажары, пагромы.
Зноў пацяклі сьлёзы горкія ўдовіны,
Дзеці-сіроткі бацькоў не знаходзяць...
Гэй, паны-шляхта! Народ вамі скованы,
Ён вам адпомсьціцца жудка ў прыгодзе.

 

#II
I сягоньня помняць, помняць, не забудуць
Людзі Беларусі, пазбыўшыся панства,
Як іх катавалі, як чакалі цуду,
Як прыйшло з Усходу вызваленьне з рабства.
Людзі Беларусі помніць будуць добра
Аб гадах няволі, аб нядолі горкай,
Як мінула ліха, як ня гнуцца горбам,
Як жыць стала лёгка пад чырвонай зоркай.
На поле выходзяць вольнаю дружынай,
Сеюць чыстым зернем, нішчаць пустазельле,
Дзірваны ўзьнімаюць, заводзяць машыны,
Дзе глянь, сады садзяць... Зацьвітай, прысельле!
Зелянее жыта, жыта і пшаніца,
А так буйна, буйна, як даўней ніколі.
Вось дык будзе радасьць у ясных сьвятліцах,
Калі грамадою зьбяруць дабро з поля.
Калгасныя сьмела засяюць загоны,
Не баяцца зграі, панскай недабітай,
Бо вартуюць межаў Арміі Чырвонай
Жалезныя роты, гартаваны ў бітвах.
А калі што прыйдзе, возьмуць стрэльбы самі,
Як адзін паўстануць на ворагаў дзікіх
I вызваляць брацьцяў, што йшчэ кайданамі
Звоняць у няволі у муках вялікіх.

 

#III
Шум і гоман у сталіцы,
Сьцяг ля сьцяга ўецца,
Як на градах мак чырвоны,
Ажно сэрца б'ецца.
Сэрца б'ецца і пытае:
– А што за навіна?
– Вызваленьня ад палякаў
Сёньня гадавіна!
А сталіца – дзіву дайся!
Паўстала з руінаў, –
Менск – сталіца, гордасьць наша,
Слава ўсёй краіны.
Дзе дымелі папялішчы –
Сьляды панскай ўлады,
Гмах ля гмаху вырас новы,
Чыстата, парадак.
Дзе крывавы баль спраўляла
Хеўра інтэрвентаў,
Ходзяць зь песьняй пераможнай
Тысячы студэнтаў.
Дзе была вакол пустэча,
Як тая магіла,
Ўсталі фабрыкі, заводы –
Рэспублікі сіла.
А народ там гэраічны,
Наш народ рабочы –
Рукі моцны, бы са сталі,
Арліныя вочы.
Беларусь, мая радзіма,
Як жа расьцьвіла ты
За час гэты, за кароткі,
Як выгнала катаў!
Не зьлічыць тваіх здабыткаў
I ня зьмерыць меркай...
Чалавек твой на свабодзе
Стаўся чалавекам.
Каласіся ж, расьцьвітайся
Краскаю чырвонай
У Саюзе у Савецкім
У законе роўным!
Знай, сягоньня дзень твой важны
Важнай нагароды;
Сьвяткуй весела, шчасьліва
Ў полі і ў заводах!
У вадзіцы у крынічнай
Чысьценька памыйся,
Прыбярыся ў кветкі-краскі,
Сонцам атуліся.
За ўсё тое, што стварылі
Шчыра твае людзі,
Ордэн Леніна сягоньня
Твае ўквеціць грудзі.
Рана, позна – гэта ведай,
Ці сонца, ці зоры, –
Мудры Сталін падзяляе
Тваё шчасьце й гора.

 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.