РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
І што я ёй зрабіў такое?
І што я ёй зрабіў такое?
Душа ў душу жылі ўвесь час,
Цяпер жа выйшла безгалоўе,
Хоць не кажы аб ім пры нас.
 
Хлапец я здатны і дастатні,
Сякі-такі прыбытак ёсьць,
Таксама ў працы не астатні
I не ўпадаю вельмі ў злосьць.
 
Сустрэў яе (каб лепей – багнасьць)
Мо за гумном, мо і ў гумне,
I пацягнула раптам магнасьць
Да ёй мяне, яе ка мне.
 
З тых дат мы сталі, як у змове,
Страчацца зь ёй – а дзе і як, –
Аб гэтым Богу ды карове,
Як кажуць, ведаць так ці сяк.
 
Аб гэтым вам найлепей скажа
За ручаём зялёны лог,
Шумлівы лес, што лёс нам важыў,
Ды ў пуні ўтоптаны мурог.
 
А не адзін дзянёк і ночку
Мы правялі сярод пацех,
Мы нават езьдзілі ўдваёчку
З сваёй красуняй на начлег.
 
Калі ж, бывала, за работу
Якую бралася яна, –
Я памагаў ёй у ахвоту,
Каб любасьць не была дарма.
 
Зьвіваў ёй ніткі – для прынады –
На матавіла зь верацён,
А як яна палола грады,
Выносіў зельле з баразён.
 
Калі на лузе грэбла сена,
Я за яе насіў пласты,
А як нагрэбла звыш калена,
Я сам варочаў вал таўсты.
 
Снапы ў жніво насіў у мэтлі, –
А ўсё каб ласкавей была, –
Ня раз ёй комінак расьсьветліў,
Калі вячэраць з поля йшла.
 
Выкручваць памагаў бялізну,
Ды шмат яшчэ чаго і ў чым...
I так характар яе вызнаў,
Што і ня сьніў аб чым благім.
 
Мяне стан звабіў перагібны,
Так да яе прыліп красы, –
Купіў пярсьцёначак ёй срыбны,
Касьнік чырвоны да касы.
 
Купіў ёй хустачку і жычку,
Шнуроўку ў талю падабраў,
А раз паркалю на спаднічку
Ў каапарацыі набраў.
 
Набраў ёй нават і тавару
На чаравічкі – напавер...
Аж тут як дасьць яна мне жару,
Што й не да ног яе цяпер!
 
На ліха ў Менску ў «пішчытрэсьце»
Стаўляў ёй піва і сітро,
Каб гэта бліжай яе сесьці,
Каб не нудзілася нутро!
 
За ўсе пяшчоты і празэнты,
За стрэчу першую ў гумне
Адным слаўцом, як тым ланцэтам,
Зарэзала ўсяго мяне.
 
Раз нейк тулю яе абмацкам –
Чаму ж, як туляць, не туліць, –
А тут яна мне торк зьнянацку:
– Час алімэнты ўжо плаціць!
 
– Пашто лямэнты нам з табою? –
Кажу, але які тут сказ?
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
I што я ёй зрабіў такое?
Душа ў душу жылі ўвесь час.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.