РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Царскія дары
Зь мінулага
Цар грозны, маскоўскі – вясёлы,
Шчасьлівы з пабедаў вялікіх –
У госьці і зь местаў, і зь сёлаў
Нявольнікаў верных паклікаў.
 
Пад водгульле трубаў, літаўраў,
Пад рогаты ўпасьвенай дворні
Падносіць падданым ён дары, –
Нявольнікі прымуць пакорне:
 
Дару я табе, украінцу,
Украйны капальні і стэпы, –
За гэта вуголь і пшаніцу
Ты звозіш мне ў сьвірны і склепы.
 
У Польшчы ты, польскі народзе,
Жыві сабе й думай аб славе, –
Мне толькі хай ткуць ткачы ў Лодзі;
Чуў – пекныя полькі ў Варшаве.
 
Хай Латвію возьмуць латвійцы
I рыбную ў Балтыцы лоўлю, –
Адно я да іхняй зямліцы
Баронаў дадам на гадоўлю.
 
Ты цешся, грузіне, краінай,
Тамарай грузінкаю слаўнай, –
Мне выдзеліш толькі часьціну,
Дзе пыхкаюць нафтай фантаны.
 
Свой Крым, а зь ім ханаў і мулаў
Бяры сабе, крымскі татарын, –
Мне ж мора пакінеш агулам
I ўсе санаторыі дарам.
 
Ты, мой туркестанскі сабрату,
Ідзі ў Туркестан разжывацца, –
Ўзамен я каракуль і вату
3 тваіх пазьбіраю плантацый.
 
Табе, сібірак, без граніцаў
Сібір аддаю, мо што высьпіш, –
Але мне да ўласнай скарбніцы
Сібірскае золата ссыпеш.
 
А ты, беларусе нямрушчы,
Вазьмі Беларусь на ўспамінак, –
Твае ж прыдадуцца мне пушчы
Мой царскі вялічыць будынак.
 
I права даю для ўсіх разам
Пладзіцца, як маку зярняты, –
За што мне за першым наказам
Дасьцё ўсе сыноў у салдаты.
 
Так грозны маскоўскі цар шчыра
Дзяліў між нявольнікаў дары,
Пад гікі прыдворных упыраў,
Пад водгульле трубаў, літаўраў.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.