РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На паграніччы
На паграніччы ценем-зданьню
Снуецца з кута ў кут трывога, –
То ў хату здрадліва загляне,
То мітусіцца ля парога.
 
У кожны год, як на асінах
Кара ад сонца адсычэе,
3 сваім зьяўляецца ўспамінам
I мутным сочыцца ручэем.
 
Кусьнецца мухаю кусьлівай,
Насыціцца да перасыту,
I ў сэрцах забубніць пужліва,
Як цэп па такавішчы ўбітым.

*

На паграніччы вечнай вехай
Красуе памяць аб мінулым,
Калі разьюшанай уцехай
Жыцьцё ў крыві з крывёй танула.
 
Перад паглядам, як прывіды,
Ўстаюць расстрэлы і пажары,
Нічым ня сплачаныя крыўды,
Нічым ня вернуты ахвяры.
 
Красуе памяць папялішчаў
Іржою зьедзеных калючак,
3ь вятрамі жудасьліва сьвішча
I ў прысках топіцца пякучых.
 
На паграніччы кемкі знахар,
Калі тварыць варожбы хоча, –
Ён азіраецца на Захад,
Ён на Усход кіруе вочы.
 
А сейбіт, жменяй мазалістай
Загонам кідаючы зерне,
Надзеяй думкі назалістай
Да супакою не наверне.
 
Згадаць ня ўмоц, як ні варожа,
Каму ён сее свой палетак:
Ці сам пажне і зьмеле збожжа,
Ці нехта іншы зьесць хлеб гэты.
 
*

На паграніччы ціха, сонна,
Хоць, як пруты, напяўшы жылы,
Па той і гэты бок нязгонна
Стаяць варожыя дзьве сілы.
 
Праз пушчы, пасекі, загоны,
На рубяжы крывавай славы,
Апабал высяцца кардоны,
Апабал блукаюць заставы.
 
Падчас вуркне матацыклетка,
Воз кантрабандны пракульгіча,
Ды бзынкне куля злоснай сьведкай,
На знак, што тут вось пагранічча!
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.