РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Піянэрскае

#1
 
Будзь гатоў!
Будзь гатоў ты, ваяка малы,
        Ці то рана, ці позна!
Лётна так, як арлы-сакалы,
        Не чакаючы слоў
        Ад прынукі пагрознай,
                Будзь гатоў!
 
Колькі сіл – сьцяг дзяржы ў кулачку!
        Бо як здарыцца справа, –
Не драмаць, верна быць начаку!
        На ўбарону бацькоў
        Піянэрскаю славай
                Будзь гатоў!
 
Не драмі, рэвалюцыі сын,
        У зьвяне, у атрадзе!
Ў бубен бі, песьні пей, кліч на чын!
        А сястрыц і браткоў
        Ня даць крыўдзе і здрадзе
                Будзь гатоў!
 
Нездарма, мой малы піянэр,
        Ты – чырвоная зьмена;
Думкі, сілу гартуй на манер
        Сваіх старшых – бацькоў;
        Стаць за волю нязьменна
                Будзь гатоў!
 
Беларусь спадзяецца зь цябе
        Мець свайго абаронцу,
Будзь жа ім, і ў жыцьця барацьбе,
        Ўжо даросшы гадкоў,
        Яе весьці да сонца –
                Будзь гатоў!

 

#2
 
Заўсёды гатоў!..
Піянэр я малады, хоць куды!
Не смучуся, сьмяюся, вясёлы;
Я ня знаю ні бяды, ні нуды,
Бухну ў бубен – і пайшоў, і пайшоў..
Пераскочыць і горы, і долы
        Заўсёды гатоў!
 
За свабоду я пайду хоць у вір,
Бо я вольны, як вецер, як птушка, –
Дзядзька Ленін мне адно – правадыр
За працоўны народ проць акоў
Выйсьці зь песьняй сваёй весялушкай
        Заўсёды гатоў!

Не баяліся браць барыкад,
Як няволі ішлі крышыць сьцены...
Я таксама разбураць стары лад,
Дзе застаўся ад мінулых вякоў,
Састарэўшым ваякам на зьмену
        Заўсёды гатоў!
 
Хоць бабулі мне бурчаць, не маўчаць,
Што з багамі ніяк не міруся...
Чым папала я гаціць буду гаць;
Я ня толькі ваяваць проць багоў, –
Нават чорта ганяць зь Беларусі
        Заўсёды гатоў!
 
Падрасьці б мне, як мага найбардзей, –
Паказаў бы сваю моц і сілу!
Сьцеражыся ўжо тады, ліхадзей!
Бараніць ў кожны час без адмоў,
Як быў, буду красу волі мілай
        Заўсёды гатоў!
 
Вось які я піянэр, хоць куды!
Не смучуся, сьмяюся, вясёлы;
Я ня знаю ні бяды, ні нуды,
Бухну ў бубен – і пайшоў, і пайшоў...
Пераскочыць і горы, і долы
        Заўсёды гатоў!

 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.