РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аб Сталіне-сейбіту

#I
Аб Сталіне-сейбіту песьня мая,
А песьня ад сэрца і звонка, як медзь,
Якую ў жніво пяе ў полі жняя,
Якую ў касьбу пяе ў лузе касец.
        Багата ўраджаем
        Зямля расквітнела.
        У будучнасьць людзі
        Ўзіраюцца сьмела.
Аб Сталіне-сейбіту песьня мая,
А песьня з душы і гартоўна, як сталь,
Якую пяе арлоў горных сям'я,
Якую пяе пры кавадле каваль.
        Арлы-самалёты
        Ўсё неба ўзялі,
        I волю здабылі
        Сабе кавалі.
Аб Сталіне-сейбіту песьня мая,
А песьня ад сонца, ад зор залатых,
Якую пяе уся наша зямля,
Аб сейбіту сьветлы разносячы слых.
        Ён даў для народаў
        Асноўны закон,
        I дружбу народаў
        Навек стварыў ён.
Аб Сталіне-сейбіту песьня мая,
А песьня ад казак, чароўных тых сноў,
Што сталіся яваю нашага дня,
Што збавілі долю ад пут, ланцугоў.
        Заглянула сонца
        Да хат, сутарэнь,
        Праклятых дзён прошлых
        Разьвеяўся цень.
Аб Сталіне-сейбіту песьня мая,
А песьня ад шчасця, ад радасных дзён,
Якая на крыльлях ляціць салаўя
За межы-граніцы ды будзіць там сон.
        I рухнуць апоры
        Фашысцкіх цямніц,
        Нявольнікі выйдуць
        Да ясных зарніц.

 

#ІІ
Яркай зімою, шумлівым прадвесьнем,
        У ясныя ночкі, ў заранкі
Песьню ўсім сэрцам складаем аб песьні –
        Аб Сталіне песьні-вясьнянкі.
 
Песьні-вясьнянкі ў далёкія далі
        Лунаюць у кожнай прыгодзе.
Сонейка, зоркі цябе ўзгадавалі
        На радасьць людзей і стагодзьдзяў.
 
Высьніў ты волю і долю народам,
        Вярнуў чалавечую славу.
Сэрца, вялікае сэрца заўсёды
        Вялікія творыць праявы.
 
Мудрыя пішаш для сьвету законы,
        Для шчасьця ад краю да краю.
Воляй бязьмернай гадуеш мільёны,
        Да сонца шляхі вымяраеш.
 
Імя тваё ўспамінае ўрачыста
        Хлапчук, які лётаць наважыў.
Кветкі зьбіраючы ў лузе квяцістым,
        Дзяўчынка вянок табе вяжа.
 
3ь імем шчасьлівым тваім ў Хасане
        Байцы самураяў тапілі.
Лёталі гордыя за акіяны
        Саветаў арліныя крыльлі.
 
Думкаю-песьняй тваё імя славіць
        Народ беларускі свабодны
За Беларускую нашу дзяржаву,
        Якую стварыў ты нам, родны!
 
Яркай зімою, шумлівым прадвесьнем,
        Ў ясныя ночкі, ў заранкі
Песьню ўсім сэрцам складаем аб песьні –
        Аб Сталіне песьні-вясьнянкі.

 

#III
Я Сталіну мудраму песьню сьпяваю,
А песьня ад сэрца, з-пад сэрца, такая,
Крылата лунае над полем, над гаем,
Са сьветам гамоніць ад краю да краю...
Аб Сталіне мудрым я песьню сьпяваю.
 
Са Сталіным лёгка жывецца на сьвеце,
Як яснае сонейка, гэтак нам сьвеціць,
Шляхі ён да шчасьця і радасьці квеціць,
Каб гора ня зналі старыя і дзеці,
Са Сталіным лёгка жывецца на сьвеце.
 
Як песьня, жыве яго імя ў народзе,
У кожным здарэньні, у кожнай прыгодзе,
Ці майскае сьвята ў жывым карагодзе,
Ці сьвята кастрычніка ў хаты прыходзіць,
Як песьня, жыве яго імя ў народзе.
 
Глядзяць і ўсё бачаць яго зоры-вочы
Скрозь сьветлыя дні, скрозь туманныя ночы
Ён сьлёзы ўцірае нядолі сірочай,
Ён новую долю бяздольным прароча.
Глядзяць і ўсё бачаць яго зоры-вочы.
 
Савецкіх людзей ён выводзіць у людзі,
Замежны сатрапа судоў не насудзіць,
Разбойніцкім ладам ня высуша грудзі,
Пры Сталіне ў бежанцах гінуць ня будзем,
Савецкіх людзей ён выводзіць у людзі.
 
Ён піша законы стагодзьдзям, народам,
Што йдуць і што прыйдуць, навек, назаўсёды,
Каб сьвет атуляўся, як сонцам, свабодай,
Чырвоныя макі цьвілі ў агародах,
Ён піша законы стагодзьдзям, народам.
 
Жыві і красуйся нам вечныя векі,
Як вечна плывуць жыватворныя рэкі!
3 табою дабром у нас поўны засекі,
3 табою ня страшны для нас небясьпекі,
Жыві і красуйся нам вечныя векі!
 
Я Сталіну мудраму песьню сьпяваю,
А песьня ад сэрца, з-пад сэрца, такая,
Крылата лунае над полем, над гаем,
Са сьветам гамоніць ад краю да краю
Аб Сталіне мудрым я песьню сьпяваю.

 
1939
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.