РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гутарка аб кепскай гаспадыні
3 кепскай гаспадыняй
Кепска жыць, вядома, –
Ані зь ёю ў людзі,
Ані зь ёю дома.
 
Не жыцьцё, а мука,
Хоць скачы ты жабай,
Калі ды ня ўдасца
Табе твая баба.
 
Чалавек спакойны
Я па сваім складу,
Але ж не стрываеш,
Як няма дзе ладу.
 
Нават пабажуся,
Што ў ніякім чыне
Не крану і пальцам
Добрай гаспадыні.
 
Але ўжо аб кепскай
Аніяк ня змоўчу,
Хоць мо і дастану –
Ў вочы ці за вочы.
 
Вось яна у хаце,
Гаспадыня наша,
Выглядам, хадзьбою
Нават пеўня страша.
 
Як зірнуць, здаецца,
Не брыдкая з твару, –
I той стан, як трэба,
I ў грудзях шмат жару.
 
Але як там далей
Так і гэтак глянеш, –
Нікне ўся павабнасьць,
Любіць перастанеш.
 
Вось пачнем мы зьнізу,
Па сваёй прастоце, –
Ногі за калена
У гразі, ў балоце.
 
А калі абута,
Каб ня секлі блохі,
3 лытак без падвязак
Зьехалі панчохі.
 
Перад у спадніцы
Ўвесь зафлюндран з долу,
Цыцалямі ззаду
Цягнуцца брынзолы.
 
Чуць ліпіць на целе
3 вузлоў паясьніца,
Ажно кожнай хвілі
Валіцца спадніца.
 
А кафтан надзене –
Плямы ад заціркі,
Дзіркі ў кожным локці
I на грудзях дзіркі.
 
Гэтак і кашулю
Бачыш ты адкрыта,
I яна ўся ў дзірках
Ды дзён сто ня мыта.
 
Валасы страхою,
Ў валасах, як маку...
Век, знаць, не часаны,
Косаў ані знаку.
 
Глянь цяпер у хату
Гэтай гаспадыні,
Хто жыве – ня ўцяміш –
Ці людзі, ці сьвіньні.
 
Па кутках і столі
Павуціньня густа,
Гразі на падлозе –
Ў паўаршына луста.
 
Зьбіта, як стог сена,
Ў качарэжнік сьмецьце, –
Вон не выкідана,
Мабыць, з тагалецьця.
 
Пад нагамі венік,
Чапяла ў запеччы,
За парогам вілкі,
А ўсё недарэчы.
 
Кіснуць не памыты
Ў лыжачніку лыжкі,
Дзе папала – ў нелад
Саганы і міскі.
 
На стале абрус той,
Як у бот ануча,
Не пасьцель на ложку,
А так – рызаў куча.
 
А пад ложкам важна
Хлеў цялё зрабіла,
Парасяты тут жа, –
Проста глянуць міла.
 
Пад сталом скавыча,
Як бы чаго плакаў,
3 апараным бокам
Галодны сабака.
 
3ь перабітым задам
Кот начыньне ліжа,
Побач зь ім і певень
Хлеб у дзюбу ніжа.
 
Дзеці пустапасам
Лазяць сабе самі,
Па вушы ў балоце,
3 голымі пупамі.
 
Пад паўдня устала
Гэта гаспадыня,
Працірае вочы,
А сон і ня гіне.
 
Засланку адклала,
Пашчапала смолку,
Дроваў за чалесьнік
Кінула бяз толку.
 
Неяк падпаліла
Ў печы гэтак дровы,
Аж паплыў на хату
Пах смалы яловай.
 
Гаршкі паўстаўляла
I так варыць, варыць;
Каб хаця ўдалося, –
Ціха, сонна марыць.
 
Але, як заўсёды,
Не судзіла доля:
Як чэмер – капуста,
Зацірка – бяз солі.
 
Прыцягнула дзежку
3 рошчынай на лаву, –
Ўкісла ці ня ўкісла –
Не яе тут справа.
 
Рук не закасаўшы,
Нават не памыўшы,
Месіць цеста, месіць,
А пот лье, як з мышы.
 
Потым гэта цеста
3ь вялікай бядою
Пасадзіла ў печку –
Сядзі на здароўе!
 
У каго закалец
Усяго на палец,
Па яе ж законе –
На ўсе дзьве далоні.
 
А пайшла карову
Падаіць да хлева,
Вымя не памыла,
Доіць права-лева.
 
Цягне цыцку, цягне,
Малако цурыцца –
Болей за даёнку
Або на спадніцу.
 
Потым сабе села
3 прасьніцай на зэдлі, –
Што пацягне нітку –
Рвецца ад кудзелі.
 
Так і гэтак тыцне
Ды кляне уголас,
Нітка ж то як палец,
То цяней за волас.
 
Спрала, насукала
Пачынак за тыдзень,
Дый той змарнаваўся:
Зблытаў, мабыць, злыдзень.
 
Але ж нейк за зімку
Са сьцяну напрала –
Кужаль ды на зрэб'е
Перамеркавала.
 
Удалося з часам
I паставіць кросны;
3ь пядзю за дзень вытча,
А болей дык млосна.
 
Выткаўшы, бяліла,
Але так – на сьціркі,
Пашто бяліць надта,
I так будуць дзіркі.
 
Ну, а пойдзе ў грады, –
Поліць, як з пахмельля:
Вырве бурак, моркву,
А пакіне зельле.
 
У жніво таксама
Ўсё йдзе не па мысьлі,
Як бы падстаўляе
Хто нагу сумысьле.
 
Чуць сярпом ківае,
Праклінае гоні,
Вышай за калена
Вырасла іржоньне.
 
А сноп калі зьвяжа –
Як пабэрсаў нехта:
Ніяк не згадаеш,
Дзе камель, дзе верх той.
 
Гэтак яна ў працы,
Гэтак яна ў хаце,
3ь языком затое
Не раўня нам, браце.
 
Ой, на гэту справу
Не гультай, ня зломак,
I прыйсьці да слова
Век ня дасьць нікому.
 
А як створыць плёткі, –
Ўсіх пасварыць зводна:
3 роднай жонкай – мужа,
Брата – зь сястрой роднай.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Гэткіх гаспадыняў
Няма ў Беларусі,
Дык даруйце, цёткі,
Што крыху пахлусіў.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.