РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Летапіснае

Прысьвячаю
дзесяцігодзьдзю БССР


 
На магілах ваякаў,
Што ляглі за Саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
I ўсяму сьвеціш сьвету.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Былі годы няволі,
Былі жудкія годы,
Людзі ў ёрмах марнелі
Без шчасьлівай прыгоды.
 
Вораг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы, –
Не было Беларусі,
Толькі быў «Край забраны».
 
Расіяне, палякі
Ды французы і шведы
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты.
 
Былі жудкія годы,
Яшчэ горшых даждалі,
Як вайны усясьветнай
Пракаціліся хвалі.

Бітву ўзьнялі цараты
За таляры і троны,
Безьліч кінуўшы люду
Ў прадсьмяротныя стогны.
 
I пакрылі руінай
Нашы землі і хаты,
А народ зрабавалі,
Як разбойнікі-каты.
 
...Што за хмара такая
Пхнецца, як вокам кінуць? –
Беларускі люд бедны
Пабрыў «бежанцам» гінуць.
 
Рэвалюцыя. Воля.
Верх узяў пралетарый...
Беларусь, як жабрачка,
Брыдзе зь «бежанства» хмарай –
 
Сьцяг чырвоны над Менскам,
А зь ім – гімн міжнародны...
Абвяшчэньне Саветаў:
БССР быць свабоднай...
 
А паляку ня сьпіцца,
3 боем прэцца, як змора;
Яму панскую Польшчу
Дай «ад мора да мора».
 
Арол белы над Менскам,
А зь ім польскія дары:
Катаваньні, пагромы,
Шыбяніцы, пажары.
 
Адступіў ўрэшце вораг,
Але ў спадках пакінуў
Папялішчы ў сталіцы
I руіны, руіны...
 
А далей, як бы мала
Усіх гэтых няшчасьцяў:
Рыжскі мір перарэзаў
Беларусь на дзьве часьці.
 
За слупамі з арламі
Беларусы пад панам,
Далей ёрмы валочуць,
Звоняць гулка ў кайданы.

∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
На магілах ваякаў,
Што ляглі за Саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
I ўсяму сьвеціш сьвету.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Беларусь, маё сэрца,
Залатая краіна,
Як нявольнік зь няволі,
Паўстаеш ты з руінаў.
 
За будынкам будынак,
Як той лес, узрастае,
I замежны парадак,
Як лазою, хістаеш.
 
Ты прывабіш сабою,
Сваім ладам зарнічным
Беларусь з-пад прыгону,
3-за слупоў пагранічных.
 
Безаглядна, няспынна,
3 маладняцкім разгонам
Думкі новыя й долю
Нясеш нашым загонам.
 
Зарунеюць палеткі
Руньню буйнай, сачыстай,
Людзі працу ўшануюць
Беспрыгонна, ўрачыста.
 
Нацыянальная сварка
Ўжо ў нас месца ня знайдзе –
Чалавек чалавеку
Будзе братам папраўдзе.
 
А гудкі і жалейкі
Тваіх местаў і сёлаў
Запяюць адназгодна,
Пераможна, вясёла.
 
I ніхто ўжо ня зможа
Ані ў якай прыгодзе
Налажыць табе путы,
Беларускі народзе.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
На магілах ваякаў,
Што ляглі за Саветы,
Ты, Рэспубліка, ўстала
I ўсяму сьвеціш сьвету.
 
1928
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.