РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сыходзіш, вёска, зь яснай явы...
Як сон маркотны, нежаданы,
Сыходзіш, вёска, зь яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы.
 
У поле выйдуць твае людзі
3ь інакшым складам і прыладай:
У грамадзе сяўба іх будзе,
Смактаць ня будзе вызыск грудзі,
Адна верх возьме думка-рада.
 
3 жабрацкай торбай твой патомак
Ня пойдзе па сібірным шляху
Шукаць прытулку, як бяздомак:
Жудкі гісторыі абломак
Пад сказ дзён бурных згібне прахам.
 
Гарбы тваіх нямых курганаў,
Дзе сьпяць нявольнікі і князі,
Парэжа сталь, як нож баранаў,
I спражыць полымя буянаў,
Каб цьвет зацьвіў на гразкай гразі.
 
Дзе за пасёлкам лёг пасёлак,
Гіганты ўзьнімуць сьцяг бунтарны,
I ў блісках квецістых вясёлак,
Дым гасячы лучын і смолак,
Зайскрыць электрыка ўладарна.
 
Тваіх жалеек сьпеў гаротны
Патопча трактарнае кола,
А сейбіт твой, дасюль самотны,
Абцёршы сонцам воблік потны,
Пад крыж ня пойдзе енчыць квола.
 
Твае трухлявыя калёсы
Аўто бэнзінаю спапеліць,
А твой касец проставалосы
Мазольныя паломіць косы,
Гнуць плеч ня будзе ля аселіц.
 
Твая дзяўчына пры кудзелі
Сьляпіць ня будзе ясных вочак:
3 жалеза прасьніца надзеліць
Сукном і шоўкавым кужэлем
Сваіх сялян, сваіх рабочых.
 
Твае сівыя забабоны
Усьмерціць радыёвы гоман,
I ў тон зайграюць зорнатонны,
Забыўшы крыўды і прыгоны,
Адвечны бор, адвечны Нёман.
 
Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы,
I вадзянік загіне ў ціне,
Спадзе з хацінаў павуціньне,
Заскача сонца ў срэбных шыбах.
 
Над вежамі тваіх бажніцаў
Фабрычны комін возьме ўладу,
А звон зьбянтэжаных званіцаў
Гудка жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.
 
I будуць ладзіцца год кожны
На новы лад, на новы звычай
Дзяды Кастрычнікавы збожна,
А кожны год больш пераможна
Для сьвята волі бунтаўнічай.
 
Так сыйдзеш, вёска, зь яснай явы,
Як сон маркотны, нежаданы,
Бо твой народ вернападданы
Ідзе ўжо, скінуўшы кайданы,
Да лепшай долі, лепшай славы.
 
1929
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.