РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На сьмерць таварыша Кірава
Калісь... О, не... Зусім нядаўна было гэта...
I як сабраць тут думкі ў сумнай галаве!..
Малюнак дзіўны зьмешчан быў у газэтах,
Малюнак, што ў жывых у памяці жыве.
 
Плывуць па Беламорскаму каналу...
А лес шуміць... азёры ў хвалях па бакох...
Плывуць таварыш Кіраў і таварыш Сталін,
Прад імі даль Зямлі Савецкай і вякоў.
 
А сёньня... Сёньня што?.. Ад раньня і да раньня,
Калышучы абняты жудасьцю прастор,
Плыве з Масквы жалобнае пяяньне,
Аж рэха далятае да Каўказскіх гор.
 
...Ня стала Кірава... Бяз часу сьмерць скасіла...
Гэрой загінуў ад варожай здрадніцкай рукі...
Таварышы! Зьняць шапкі над жывой магілай!
Хаваюць, ведайце, бальшавіка бальшавікі.
 
Іграйце гучна музыку гэройскую, музыкі,
Каб слухаў і дрыжэў ад музыкі ўвесь сьвет!
Дзяўчына, кветкамі абсып курган вялікі,
А песьню вечную злажы, пясьняр-паэт.
 
Гнеў пралетарскі мог і зможа сьцерці
3ь зямлі ўсіх падкалодных яшчарыц, гадзюк,
I ворагам за сьмерць адплацім грознай сьмерцю,
Вышэй падымем сьцяг, што выпаў з слаўных рук.
 
1934
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.