РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У цяжкую часіну
Зямля мая, нябёсаў родных сінь,
Лугоў зялёныя пасьцелі!
Вы ўстаеце з-за смужных далячынь
Скрозь горы і пустэлі.
Празрыстасьць рэк, дубоў жывы шалаш,
Дарог нязьлічаных красёнцы!
Я бачу вас, я чую голас ваш,
Прываблівы, як сонца.
Мой мілы край, народ мой дарагі
3 душой адкрытаю і сэрцам!
Зноў дзеляць нас парогі-берагі...
Пракляцьце крывяжэрцам!
Смуга, імгла навісла над табой,
I п'еш ты зноў пакуты чашу:
Фашыст-шакал варожаю нагой
Стаптаў нам нівы, пашу,
Як пошасьць чорная, ўварваўся ён,
Прайшоў разбойніцкай ступою,
I ўсюды кроў, няволю і палон
Пакінуў за сабою.
Спаліў твае сялібы, гарады,
Набытак, дом разграбіў ён дарэшты.
Ня ведаў ты яшчэ такой бяды
3 тых пор, як тут жывеш ты.
Ня плач, зямля, народ мой, не тужы –
Ты полымем палючым запаліся!
За зьдзек, за кроў, за гвалт, за грабяжы
На Гітлера, на рыся!
Находзіць час, і меркнуць яго дні –
Пакоціцца ў бяздоньне гэта скула:
Ня вырвецца з сваёй-жа западні
Фашысцкая акула!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.