РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На абарону
Грымяць гарматы ўдзень і ўночы,
Зямля палошчыцца ў агні.
Крывавы жах на сьвеце крочыць,
Паўстаўшы з чорнай глыбіні.
Драпежны зьвер аскаліў зубы,
А побач зь ім брыдзе шкілет.
Шукае Гітлер свае згубы,
I згіне наглы людаед.
Яму крыві пралітай мала –
Разбойнік прагне больш афяр.
Зьмяіным ядам вострыць джала
Сусьветны злодзей і махляр.
I ноччу зь ім плывуць пажары,
Як саранча, паўзуць пачвары
На пашы гоні, рубяжы,
Але ня доўга дзікім гунам
Чыніць крывавы свой разгул.
Я чую – робяць людзі труны,
Куюць ланцуг для калігул.
Мы не схіснуліся пад бурай,
Навалай дзікае арды.
Бандыт заплоціць сваёй скурай
За нашы сёлы, гарады.
Вышэй, ярчэй узьнімем молат,
Распалім горны гарачэй,
На абарону, мой люд-волат!
Удар па ворагу ямчэй!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.