РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нашы дні
Праімчаўся віхор, пыл і затхласьць разьмёў,
        Сьцяг чырвоны разьняўшы ўгары...
        Мы, таварышы, мы ўладары
Гэтых фабрык, заводаў і вольных палёў.
        Зарунела ральля,
        Твар мяняе зямля –
Новы засеў вянкі перамогі заплёў.
 
У нябыт адыходзіць закляцьце вякоў,
        Гэты зьдзек, гэты жах кабалы,
        Гэта цемра папоўскай імглы,
Гэта тхлань і пасланьне ліхіх ведзьмакоў.
        Запалілі агні
        Бальшавіцкія дні
І спалілі нашчэнт звон іржавых акоў.
 
Не пазнаеш зямлі і вясковых людзей –
        Не, ня тыя, ня тыя яны:
        Іншым клопатам людзі паўны,
Крута іх павярнуў бальшавік-чарадзей.
        Новы гоман наўсьцяж,
        Замест «мой» громка «наш»
Вылятае з калгасных шчасьлівых грудзей.
 
Зьнята ўлада зямлі – векавечны прыгон,
        Што пракляцьцем лажыўся на нас.
        Бляск фальшывы навекі пагас.
Я вітаю вялікі, шырокі разгон
        Нашых дзён маладых,
        Гоман творчасьці іх.
Дык ярчэй-жа гары, сонца радасных дзён!
 
1933
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.