РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Госьці
Ка мне у госьці з прывітаньнем шчырым
I зь песьнямі калгасьнікі прыйшлі.
Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры,
Настаўніца, даяркі й пастухі.
 
А з падарункамі прыйшлі у госьці
Зямлі абноўленай гаспадары:
Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсьці
На стол паклалі й мёду пляйстары.
 
I селі мы з павагай дзіўнай нейкай
За стол, дзе быў пірог, і лён, і мёд...
За хатай заліваўся салавейка,
Гудзеў над хатай гулкі самалёт.
 
Такога гонару ня меў ніколі,
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй
I то ня ў сьне якім, а наяву.
 
Памалу гутарку мы распачалі,
А шмат аб чым пагутарыць было:
I пра сягоньняшнія ў сонцы далі,
I як даўней жыло-было сяло.
 
Пра нашы гаварылі зімы, вёсны,
Пра добры ураджай і працадні...
За вокнамі шумелі згодна сосны,
Начлежнікі разводзілі агні.
 
...Здаём належнае сваёй дзяржаве,
Дарогі ладзім, лес на сплаў вязём.
Жывём заможнікамі ў самай справе,
Як трэсьлі, не трасём рызьзём.
 
– Загаціць, – кажуць далей, – трэба рэчку,
Каб возера было, каб быў і млын,
Каб і ў хлявы каровам і авечкам
Сама вада пайшла ўгару зь нізін.
 
I кажуць: – Школа ў нас чатырохлетка,
Дзесяцілеткай трэба каб была,
Каб нашым здольным працавітым дзеткам
Далей вучыцца сьцежка пралягла.
 
Ды шмат аб чым яшчэ мы гаманілі,
А больш за ўсё аб дасягненьнях тых...
Спрасоньня певень недзе хлопнуў крыльлем,
На неба ўсходзіў месяц залаты.
 
Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты
Пад музыку пусьціліся скакаць...
Дрыжэлі сьцены новай звонкай хаты.
Было нам весела, што і казаць!
 
I госьці выйшлі. Ціша наступіла.
Тут адна думка ўзьбегла мне на яў:
Калгасьнікам адвагі не хапіла
Прасіць, каб песьню аб калгасе склаў.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.