РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Як у госьці сын прыехаў...
Як у госьці сын прыехаў –
А да маці, а ня зблізка, –
Яе шчасьце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі, –
 
Запрашала у сьвятліцу,
За дубовы стол саджала...
Сьлёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
 
Частавала белым сырам,
Хлебам сітным, мёдам пчолім,
Заклікала шчыра-шчыра
Не чурацца хлебам-соляй.
 
I цікавілася маці –
Сэрца матчына, вядома, –
Як на службе там дзіцяці,
Ці там лепей, ці мо дома?
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
– Дома добра, там ня горай,
Там ня горай, а мо й лепей, –
Сын разважліва гавора,
Сэрца смуткам не зачэпе.
 
– Ты адно падумай добра, –
Служу ў Арміі Чырвонай,
Служу ў коньніцы харобрай,
Дзе начальнік сам Будзённы.
 
Я таксама камандзірам,
Хоць служу другое лета,
Глянь, адзнака на мундзіры,
За заслугі ж усё гэта.
 
А парадак там у войску,
Кожна ўлічана хвіліна.
Ой, далёка нашым вёскам
Да такое дысцыпліны.
 
I ні суму, ні дакукі,
Час імчыцца, нібы хвалі;
Пасьцігаем і навукі –
Болей знаем, як мы зналі.
 
А ўжо коні, нашы коні!
Ці то суха, ці разводзьдзе –
Буйны вецер не дагоне,
Шлях пярун не загародзе.
 
Байцы ж нашыя – гэроі.
Ты ня знойдзеш гэткіх армій.
Што за выпраўка у строі,
Што за послух у казарме!
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
– А парад як быў нядаўна,
Ты й ня бачыла, й ня чула, –
Гэткі важны, гэткі слаўны,
Колькі бляску, колькі гулу!
 
Во спачатку йдзе пяхота,
За ёй коньніца і танкі,
На машынах едуць роты,
А там – быстрыя тачанкі.
 
За тачанкамі – гарматы –
Палявыя і марціры,
А пад небам – рой крылаты –
Самалётаў цэлы вырай.
 
Як зірнеш, дык ажно люба,
Галава аж ходам ходзіць!
Во дзе ворагу загуба,
Калі ўздумае нам шкодзіць!
 
А музыкі граюць маршы
Ў нечуваным ладзе-складзе,
Граюць маршы – і мне такжа,
Бо я такжа на парадзе.
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
– Ды скажу табе я мілай:
Дзень той быў ў нас ня штодзенны:
Сам таварыш Варашылаў
Прынімаў парад ваенны.
 
Не высокі сабе ростам,
Не высокі і ня нізкі,
I такі вясёлы, просты,
Хоць далёкі, а так блізкі!
 
А свой погляд, свой юначы
Калі кіне, бы зарніца, –
Сэрца з радасьці заскача,
Кроў адвагай забурліцца.
 
Адным словам, свой брат родны,
Адно хочаш, мая маці,
Быць яго дастойным, годным,
За яго жыцьцё аддаці.
 
Конь пад ім, прост, вярнігора!
А як скача, як гарцуе!
Ён вачыма лічыць зоры,
Ён вушамі вайну чуе.
 
Вайну чуе, броў ня хмура,
Толькі бліскаюць падкоўкі,
Бо яздок на ім, што бура,
3ь віхрам пойдзе ў перагонкі.
 
Нашай Арміі Чырвонай
Камандзір над камандзіры,
За ім пойдзеш, хоць сягоньня,
Цераз пушчы, церазь віры.
 
У міжбур'е зь ім жыць міла,
Лёгка ж будзе і ў паходзе.
Во, які наш Варашылаў!
Во, які наш палкаводзец!
 
Так у госьці сын прыехаў –
А да маці, а ня зблізка, –
Яе шчасьце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі.
 
Нездарма вяла ў сьвятліцу,
За дубовы стол саджала.
Сьлёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
 
Нездарма там каля вокнаў
Цёткі гутарылі жвава:
– Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.