РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родны шлях
Шлях старадаўні, вядомы ў народзе
        Лёг між прысады бяроз.
        Пасмы іх спушчаных кос
Зьвісьлі ў лісьцяным жывым хараводзе.
Роўныя тоны іх мірнай размовы
        Ціха над полем плылі,
        I заміралі ў далі
Песьні спрадвечнай знаёмыя словы.
Побач гасьцінца лясы, лугавіны,
        Мора зялёнае ніў,
        Срэбраных рэчак разьліў,
Лёгшых утульна пад зелені тынам.
Вёскі, мястэчкі абапал дарогі,
        Дбалы, гасьцінны народ,
        Сад, паплавец, агарод,
Гай у сінечы, узгоркаў разлогі.
Век плыў за векам, мяняліся часы,
        Шмат адбылося падзей,
        Сьвет расчыніўся шырэй,
Новыя сьцежкі пралеглі, як пасы.
Шлях-жа старэнькі зь бярозамі ў згодзе
        Так-жа, як здаўна, ляжыць,
        Краю гатовы служыць,
Тое-жа носіць і імя ў народзе.
Шлях ты мой родны, гасьцінец шырокі!
        Лучыш ты два рубяжы:
        Усход наш і захад чужы,
Лёг ты спрадвеку праз нашы валокі:
Дай ты мне вестку аб людзях і краю –
        Чым-жа народ наш жыве?
        Голас твой, чую, плыве,
Горы і долы, пустэлі мінае:
«Часы ліхія насталі ў краіне.
        Топча дарогі чужак,
        Нішчыць дабро ваўкалак, –
Чыніць расправы нямецкі зьвярынец.
Толькі-ж ня ведае вораг спакою,
        Грозна бушуюць бары,
        Чуюць пагібель зьвяры –
Сьмерць іх вартуе з-пад кожнае хвоі.
3ь Нёмана, Прыпяці, Сьвіслачы, Сожа
        Носіцца голас наўсьцяж:
        Быў ён і будзе край – наш,
Вораг закляты тут голаву зложыць.
Дружна паўсталі байцы-партызаны.
        Помста – іх думка адна –
        Зьнішчыць заразу да дна:
Ворагу месца пад дзікім бур'янамі
Вер мне, мой дружа! Няпрошаным госьцям
        Заўжды аднакі пачот –
        Выкінем нечысьць за плот,
Месца ёй хопіць на нашым пагосьце.
Чуеш, з усходу як громы грукочуць –
        Выкурым гада з нары!»
        Родны гасьцінец стары,
Хай-жа твой голас ды будзе прарочым!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.