РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьмерць разбойнікам
Рассыплецца ў прах
Тая глыбіна сталі,
Што рушыў нямецкі
Разбойнік на нас.
Народы Расеі,
Як скалы, паўсталі,
Пагібелі Гітлера
Блізіцца час.
Нядоўга сваволіць
Расцугленай сьцерве –
Хрыбет яе гнецца,
I крышыцца зуб.
Паточаць у полі
Магільныя чэрві
Труп гітлераў,
Герынгаў, гебельсаў труп
Савецкае поле –
Вялікае поле,
I межаў няма ў ім,
Няма і граніц.
Над полем лунае
Шырокая воля,
Радзілася-ж воля
Ў агні бліскавіц.
За кожную пядзю
Зямлі нашай мілай,
Што кроўю паліта
Ад даўніх часін,
Паплаціцца вораг
Бясслаўнай магілай,
Дзе вырасьце толькі
Бур'ян і палын.
Я бачу – кастлявыя,
Сьмертныя рукі
Разьняты шырока,
Каб труп іх абняць.
Я чую выразна
Славянскія гукі,
А ў іх пераможныя
Маршы зьвіняць.
Фашысцкая гідра
Крывёю сьцякае,
I курчыцца ў болях
Прыдушаны зьмей.
На абарону! – зямля нам гукае.
Падвоім-жа сілы,
Ударым цяжэй!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.