РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На восі Рым – Бэрлін
Разьзявіў пасьць Гітлер шырока –
Ён хоча ўвесь сьвет праглынуць.
Хоць бачыць бандыцкае вока,
Ды воўчыя зубы ня ймуць.
        Надзея на «бліц-крыг» патухла –
        На ўсходзе зламаў ён капыт,
        Падбітае рыла апухла,
        I выйсьця шукае бандыт.
Ён кідае вока на дучэ:
– Бэніта, падкінь хоць мільён,
Ідзі на Расею – там куча
Чакае цябе макарон.
        У славе ваяцкага блеску
        Ты вернешся грозны у Рым.
        Ты прыклад бяры з Антанеску
        I прыкладам будзь ты другім.
Ты – шворан праслаўленай восі,
Хоць шворан пагнуты, крывы,
Але ў незадачлівым лёсе,
Бэніта, ня траць галавы!
        I рохнуў Бэніта, як чушка,
        На квінту спускаючы нос:
        – За морам цялушка палушка,
        Ды дораг яе перавоз.
Люблю макароны, кантаты,
I Цэзара лаўры я сьню.
Але італьянцы-салдаты,
Баюся – падложаць сьвіньню.
        Ня хочуць ісьці на Расею,
        Расея-ж... ты ведаеш сам:
        Ня трудна зламаць у ёй шыю
        Пакінуць штаны свае там.
Нахмурыўся «фюрэр» сурова –
Мяняюцца людзі і час,
I верціцца страшнае слова:
«Уграз я ў Расеі, уграз!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.