РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ленін калыша дзіця
Ён ідзе па маёй краіне
Пушчай, полем, абшарам лугоў,
I зьвісаюць над сьцежкай хваіны,
Каб закрыць ад дажджу яго.
Ён ідзе адзін, без эскорту,
Не зьбівае расу на траве.
Палітончык на ім пацёрты,
Кепка лёгкая на галаве.
Лічыць ён каласы, і магілы,
I усьмешкі на вуснах братоў.
«Што яны безь мяне зрабілі?
Што тут добра і дрэнна што?»
Плач пачуў на вясковай ускраіне.
Сон.
        Бязьлюдзьдзе.
                                Пусты гараж.
Сьпіць на прызбе бабуля глухая,
А дзіця заходзіцца аж.
– Ну, ня плач ты, гаротны нябога,
Мабыць, ясьляў няма? Дарма.
Ён шукае ў кішэнях – нічога,
Ні цукерак, ні цацкі няма.
А дзіця падымае ён, дужы,
Як мужчыны бяруць заўжды,
I зрывае хлопчыку ружу
У вясёлкавых кроплях вады.
– Не сярдуй, сынок сінявокі,
Ў гэтай кветцы зямное цяпло.
Я ж прыйшоў з часіны далёкай,
Калі нам не да цацак было.
Бач, сьвятло гуляе па лісьцях,
Адусюль праганяе змрок.
Добрым будзь, як бацькі калісьці,
Цёплым будзь, як сонца, сынок,
Будзь бясконца да ўсіх чалавечным,
Будзь ласкавым, як сьветлы май,
Падазрэньнямі недарэчнымі
Чалавека не абражай.
I за гэта – радзіму свабодную
Я аддам табе ў вечны дар:
Землі, пушчы, сьветлыя воды
I сусьвету бясконцы абшар.
Па дузе у бязьмежнасьць сінюю
Карабель зь зямлі паляціць.
Будзе маці чакаць няспынна,
Ганарыцца і сьлёзы ліць.
Мы заўчасна ў жыцьці сівелі,
Кулі несьлі глыбока ў грудзях,
Каб да зорак распалена-белых
Ты праклаў незабыўны шлях.
Штосьці бабка, брат, шэпча сярдзіта.
Ляж у ночвы, сынок, засьні.
Пастаяў ён і збочыў у жыта
I растаў у далечыні.
За лясным даляглядам замроеным
Хутка сьціхнуў далёкі крок,
А дзіця ляжыць неспакойна,
I сьмяецца ружовы раток...
Толькі бабка зьдзівілася дужа,
Што гарыць барвяным сьвятлом
У яго ручанятах ружа, –
Без калючак, з гладкім сьцяблом.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.