РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня шафёра
Ноч спусьцілася, згаснула сонца,
Сьвеціць зорамі каляя,
З-пад машыны дарога бясконцая
Адпаўзае назад, як зьмяя.
Ў смалянай вадзе межыточнай
Пралягла дрыжачая гаць.
Быццам мёдам намазалі вочы,
Хіліць стома, хочацца спаць.
        Дарогі, дарогі,
        Косьці растрасуць,
        Мёртвага разбудзяць,
        Жывога ў дол зьвядуць.
Ад вясёлых сузор'яў вясковых
Да залітых сьвятлом гарадоў
Возім дружна мы збожжа і дровы,
I «налева» падвозім «рабцоў».
Мы ляжым у гразі пад машынай,
Ўзімку корпаемся ля агню,
Нас пабачыш па ўсёй краіне,
Неўтаймоўную шафярню.
        Дарогі, дарогі,
        Косьці растрасуць,
        Мёртвага разбудзяць,
        Жывога ў дол зьвядуць.
Ад напругі пад коламі крэкча
Над вадой спарахнелая гаць.
Тройчы стрэнеш ты аўтаінспэкцыю
Перад тым, як жонку абняць.
Шлях бясконцы ляжыць наперадзе
Празь лясы, між балот і азёр.
Не, ня трэба бяссоньніцы верыць,
Закуры, засьпявай, шафёр.
 
        «Дарогі, дарогі,
        Косьці растрасуць,
        Мёртвага разбудзяць,
        Жывога ў дол зьвядуць».
– Закуры тытунцу, шафёр!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.