РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жаданы госьць
У небе сузор'і такія сінія,
Сон над сьнягамі яшчэ плыве.
«Добрага ранку, ўдава-гаспадыня,
Мір клапатлівай тваёй галаве».
Полымя цёплы чалесьнік ліжа.
Лёд на акне ад яго сышоў,
Проста ў акно, ад водбліску рыжы,
Звонку глядзіць і зайздросьціць воўк.
«Ты як знаходка для ўсёй брыгады:
Сытыя ўсе, абшытыя ўсе...
Толькі жывеш не сабе на радасьць...
Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе».
 
*

«Сонца якое, ўдава-гаспадыня,
Дзень які добры... Сустрэліся зноў...
Што гэта села на скронях? Іней
Ці сівізна ад мінулых гадоў?
Ёсьць ад чаго. I я гэта маю.
Цяжка было нам жыць на зямлі:
Мужа забілі твайго паліцаі,
Жонку маю пад расстрэл падвялі:
Боль абаім яшчэ сэрца паліць,
Ты яго несьці дапамагла...
Тузіну год мы па іх сумавалі,
Пухам няхай ім будзе зямля.
Шкода глядзець на цябе, гаротная,
Так бы й пагладзіў па галаве.
Ці вінаватая ты ў адзіноцтве?
Ці вінаваты я ва ўдаўстве?
Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць?
А выглядаеш, як сьліва ў расе.
Добраю б жонкай была ты камусьці...»
«Дзякуй на слове». – «Я... пайду пакрысе»
 
*

Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія
Зноў заляглі бясконца сьнягі.
«Што ж ты сядзіш безь сьвятла, гаспадыня?
Пэўна, стамілася? Дзень даўгі...
Ведаеш... восень – цяжкая штука,
Але ж бывае і цёплай яна.
Калі трымаеш жончыны рукі –
Сэрцам адчуеш: зноўку вясна.
Што ж ты такое зрабіла са мною,
Што ад цябе мне дарогі няма,
Што на душы мне так неспакойна,
Што ў галаве маёй нейкі туман.
Сьнег замятае шляхі-дарогі.
Любая. Што ж ты? Ня трэба, ня плач...»
Падае,
Падае на падлогу
З рук гаспадыні чорны рагач.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.