Крычалі, білі кулакамі ў грудзі, Палілі пачкі гербавых папер, Кагосьці сьцягвалі з трыбуны людзі: «Прадажнік! Контра! Рэакцыянер!» Над Менскам, па-над плошчаю Саборнай, Ляцеў трывожны варанячы грай. Натоўп вакол. Разьюшанае мора: «Рэспубліка! Жыві! Перамагай!» I вецер тыя крыкі рваў нядбайна I нёс, як іскры, ў цёмныя палі, Туды, дзе ў гурбах па шляхах бяскрайніх Сьпяць хутары азёрнае зямлі. I цішыня. Яна патрэбна многім, Каб ад гарачых спрэчак ачуняць, Узважыць дзень, і цьвёрда стаць на ногі, I песьню новаму сьвітаньню даць. Ў пакойчыку глухім, дзе пальцы стынуць, Дзе ад буржуйкі сіняваты дым, Сьмяртэльна стомлены, худы мужчына Перакладае пралетарскі гімн: «Паўстань, пракляцьцем катаваны, Паўстань, хто з голаду век пух, Бурліць наш розум збунтаваны, Няволі кліча рваць ланцуг». Ён кідае пяро. Ў чырвоных хмарах, Што праплываюць над зямлёй кудысь, Як здані, нараджаюцца ў пажарах I чэзнуць зноў вякі і гарады. У гэтых прывідах і ў роўным дыме, Што цягнецца слупамі да нябёс, Ён бачыць будучае ўсёй Радзімы, Яе няпросты і вялікі лёс. Скуголяць інтэрвентаў параходы, У полымі вайны Дзьвіна і Сож, I гвардыя краіны – ўзвод за ўзводам – На сто франтоў выходзіць басанож. Вось за акном няпэўны бразгат зброі, Падмацаваны дальняю трубой, I песьня ў цемрадзі: «На бой, гэроі...» Яны ідуць! Рэспубліка, на бой! Сьпяваюць цягнікі на двух вакзалах, Не астывае ярасьці напал. Перакладае малады Купала Для новых дзён «Інтэрнацыянал».
|
|